Некаторыя маладыя людзі не ўспрымаюць навіны пра каранавірус усур'ёз, бо мяркуюць, што ён небяспечны толькі для людзей старэйшага ўзросту і з паталогіямі.
У прынцыпе, так. Большасць памерлых ад віруса — гэта людзі, старэйшыя за 60 і асабліва 70-80 гадоў.
Аднак не толькі. Як паведаміў кіраўнік медычнай службы Францыі Жэром Саламон, палову пацыентаў, якія трапілі ў Францыі ў рэанімацыю, складаюць асобы, маладзейшыя за 60 гадоў.
Пакуль большую частку ўдаецца ратаваць. Але калі ўявіць сабе сітуацыю перапаўнення рэанімацый, то смяротнасць рэзка вырасце і ў гэтай катэгорыі. Гэта ўжо назіраецца ў найбольш уражаных пандэміяй раёнах Італіі, гэта мела месца ў кітайскім Ухані — першым эпіцэнтры ўспышкі.
Чытайце таксама: Як праяўляецца лёгкая форма каранавіруса
У Францыі па стане на 18 сакавіка ў рэанімацыях было 924 пацыенты з каранавірусам. Усяго ў гэтай краіне выявілі больш за 9000 заражэнняў, 264 чалавекі памерлі.
Пакуль колькасць заражэнняў і смерцяў у свеце штодзённа нарастае, пандэмія далёкая ад свайго піку, і прадказаць яе далейшае развіццё складана.