Пажылая жанчына з каранавірусам памерла ў бальніцы ў Маскве, паведамляе ТАСС са спасылкай на аператыўны штаб.
Жанчыну 79 гадоў шпіталізавалі 13 сакавіка. Спачатку яе адправілі ў прыватную клініку, але пасля таго як тэст пацвердзіў у яе наяўнасць каранавіруса, яе перавялі ў інфекцыйную бальніцу №2.
«У сувязі з узмацненнем дыхальнай недастатковасці пацыентка атрымлівала комплексную інтэнсіўную тэрапію. У інфекцыйнай бальніцы знаходзілася ў ізаляваным боксе. Смерць наступіла ў выніку пнеўманіі на фоне вельмі цяжкай спадарожнай паталогіі», — паведамілі ў аперштабе.
У жанчыны, акрамя каранавіруснай пнеўманіі, былі цукровы дыябет 2 тыпу, артэрыяльная гіпертэнзія, ішэмічная хвароба сэрца, атэрасклероз. Нядаўна яна перанесла стэнціраванне каранарных артэрый.
Па стане на вечар серады ў Расіі 147 выпадкаў каранавіруса.