Уначы 14 сакавіка на вуліцы Талстога закрыюць дарогу для руху транспарту пад пуцеправодам праспекта Незалежнасці: камунальнікі пачнуць будаўніцтва эстакады. Пра гэта Auto.tut.by паведаміў заказчык работ ГП «Гардарбуд».

Запланаваная праектам эстакада ўваходзіць у першае гарадское транспартнае кальцо, над завяршальнай, трэцяй чаргой якога цяпер працуюць камунальнікі.

Будаўніцтва эстакады змяняе ў гэтым месцы схему руху транспарту. З 14 сакавіка, каб з вуліцы Талстога патрапіць на Маскоўскую і праспект Незалежнасці, кіроўцам трэба будзе, не даязджаючы да пуцеправода, паварочваць у праезд налева (цяпер ён з аднабаковым рухам). Пасля праезду рух будуць рэгуляваць святлафоры. Адтуль аўтамабілі змогуць праязджаць у абодва бакі Маскоўскай і на галоўны праспект сталіцы.

Пры руху з Маскоўскай на Талстога (калі ехаць з боку станцыі метро «Інстытут культуры») нічога не мяняецца. Але калі вам трэба праехаць з Маскоўскай да плошчы Мяснікова, то прыйдзецца пакруціцца: напрыклад, выскачыць на Талстога, праехаць да Дружнай і назад.

— Каб прапускаць больш транспарту, дарогу праезду каля Талстога мы пашырылі. Але кіроўцам трэба разумець, што ў гадзіну пік рух тут можа быць ускладнены, таму варта загадзя планаваць свае паездкі, — папярэджвае Аляксандр Ярошык, дырэктар ГП «Гардарбуд». — Грамадскі транспарт будзе там ездзіць з улікам змененай схемы руху.

Для будаўніцтва эстакады камунальнікам трэба выканаць вялікі аб'ём работ: панізіць праезную частку, пракласці новы ўчастак дарогі, памяняць каналізацыю, перанесці інжынерныя сеткі. У выніку атрымаецца развязка ў выглядзе пятлі, якая дасць магчымасць транспарту паварочваць з Талстога налева і направа. Адрэзак вуліцы Талстога пашыраць да трох палос у кожным кірунку.

Праца пад пуцеправодам на Незалежнасці павінна завяршыцца ў жніўні гэтага года — транспарт паедзе па ранейшай схеме. А вось новай эстакадай можна будзе скарыстацца, толькі калі першае гарадское кальцо злучаць — у 2021 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?