Блогер і гарадскі актывіст Антон Матолька днямі вярнуўся з адпачынку. Разам з дзяўчынай — галоўнай рэдактаркай Куку.орг Настассяй Рагатко — ён правёў тры з паловай тыдні на востраве Балі ў Інданезіі. Матолька расказаў, колькі патраціў на адпачынак.
Актывіст прыводзіць выдаткі за дваіх за 26 дзён.
«Пералёт — 1050 еўра на дваіх «эканомам» туды-назад.
На харчаванне (ні ў чым сабе не адмаўлялі, каштавалі, што хацелі, алкаголь пілі зрэдку) — 950 еўра. Дома не гатавалі, у крамах збольшага нічога не куплялі.
На перасоўванне (таксоўкі, лодкі, скутэр, бензін) — 200 еўра.
Жыллё — 640 еўра. Глядзелі варыянты за 20-30 еўра за ноч. Маглі быць з уключаным сняданкам, маглі быць без. Паўсюль (акрамя першага месца) быў невялікі басейн у двары.
Усялякія расходы кшталту масажу, мазі ад укусаў і іншае — 70 еўра», — падзяліўся Матолька ў фэйсбуку.
Агулам за адпачынак Матолька і Рагатко аддалі $3242.
«У твітары ў каментарах ужо нехта напісаў, што за год столькі не зарабляе, колькі я за адпачынак патраціў,
— кажа Антон. — Але калі ад усёй сумы адняць пералёт і кошт жылля, а атрыманае падзяліць на два, тады лічба не так пужае».
Кажа, што на Балі можна пабываць і бюджэтней, нават без страты камфорту. Напрыклад, кафэ там дзеляцца на інстаграмныя (хіпстэрскія, з прыгожай ежай) і звычайныя. У апошніх можна паесці ў 3-4 разы танней, і таксама будзе смачна. Адна страва каштуе ад 3 да 8 еўра.
«На мой погляд, уся Паўднёва-Усходняя Азія прыкладна ў адным цэнавым сегменце. Яна таннейшая за заходнееўрапейскія краіны — Іспанію, Італію, Аўстрыю», — заўважае Матолька.
Балі для адпачынку ён выбраў праз любоў да Паўднёва-Усходняй Азіі.
«Мне там вельмі камфортна. Балі шматгранны, падабаюцца людзі, ежа, прырода. У Балі можна прыляцець без візы на перыяд да 30 дзён», — тлумачыць актывіст.
Дадае, што ў наступным годзе спадзяецца правесці адпачынак на Шры-Ланцы ці Філіпінах. А ўлетку будзе ездзіць па Беларусі.