Прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс, ацаніўшы праект паправак да закона аб электронных СМІ, заклікаў камітэт Сейма па правах чалавека і грамадскіх справах унесці ў яго істотныя папраўкі, каб умацаваць інфармацыйную прастору Латвіі, піша Delfi.
Левітс прапануе павялічыць прапорцыю тэлепраграм на афіцыйных мовах ЕС, што фактычна азначае памяншэнне колькасці тэлепраграм на рускай мове.
У асноўную прапанову для абанентаў абавязкова павінны ўваходзіць тэлепраграмы латвійскіх СМІ, дзяржаўных і камерцыйных, а таксама рэгіянальныя праграмы. Калі ў асноўную прапанову ўключаны дадатковыя праграмы, то мінімум 80% з іх павінны быць на афіцыйных мовах ЕС і Еўрапейскай эканамічнай зоны.
«Моцная інфармацыйная прастора служыць важным залогам дэмакратыі і нацыянальнай бяспекі Латвіі. Заканадаўца павінен быць у стане забяспечыць грамадзянам Латвіі доступ да высакаякасных і плюралістычных тэлевізійных праграм, якія ўмацоўваюць прыналежнасць Латвіі да еўрапейскай культурнай прасторы і спрыяюць яе інтэграцыі ў агульны дыскурс еўрапейскай інфармацыйнай прасторы», — адзначае Левітс.