Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

У Міністэрстве адукацыі абмяркоўваюць пытанне пра адмену парогавых балаў на ЦТ. Пра гэта напярэдадні педагагічнай калегіі паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка, піша Tut.by.

Па словах міністра, конкурсная сітуацыя падчас паступлення залежыць ад розных фактараў. Напрыклад, ад колькасці вылучаных месцаў, вынікаў унутраных экзаменаў, сумоўяў.

— Паколькі мы змянілі методыку падліку балаў, ёсць меркаванне, што трэба адмяніць парогавыя значэнні і даць магчымасць любому абітурыенту з тымі баламі, якія ён набраў, спрабаваць канкураваць у конкурснай сітуацыі, — распавёў Ігар Карпенка.

Паралельна, адзначыў міністр, у ведамстве ёсць другое меркаванне — пакінуць парогавыя балы на ранейшым узроўні, і трэцяе — павысіць іх.

— Для нас адно відавочна: мы падкарэктавалі шэраг заданняў, якія будуць менш спрыяць угадванню адказу, — сказаў Ігар Карпенка. — Напрыклад, калі правільнымі будуць з'яўляцца некалькі адказаў, а не адзін.

Гэта, падкрэсліў Ігар Карпенка, дапаможа адысці ад сітуацыі, калі можна адказаць на заданне «метадам тыка». Аднак канчатковага адказу адносна таго, што будзе з парогавых баламі, адзначыў міністр, пакуль не прынята.

Летась балы на ЦТ лічылі па новай методыцы. На думку РІКВ, менавіта яна адлюстроўвае рэальны ўзровень ведаў абітурыентаў, а не паказвае працэнт зробленых заданняў, як гэта было раней. Вынікі ЦТ 2019 года паказалі: працэнт тых, хто пісаў тэсціраванне добра, застаўся прыкладна там жа, а вось у вобласці нізкіх балаў вынікі адчувальна выраслі, як і прагназавалі ў РІКВ.

Мінулы год для сістэмы адукацыі быў пераходным, таму парогавыя балы, з якімі можна было падаваць дакументы ў прыёмную камісію, не змянялі, распавядаў на прэс-канферэнцыі Юрый Міксюк.

— Але відавочна, што ў наступным годзе яны будуць павышаны, — казаў дырэктар РІКВ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?