«Мінсктранс» плануе «тэрмінова дэмантаваць» гукавы ролік пра блакаванне сістэм аплаты ў салонах мінскіх аўтобусаў. Такое распараджэнне гендырэктара разышлося па сацсетках днём 4 лютага. Як даведаўся TUT.BY, факсаграма рэальная.
Нагадаем, днямі ў мінскіх аўтобусах пусцілі абвесткі пра тое, што сістэмы аплаты ў аўтобусах будуць блакавацца адразу пасля пачатку руху. У «Мінсктрансе» растлумачылі, што так маюць намер змагацца з безбілетнікамі. Маўляў, законапаслухмяныя пасажыры аплаціць праезд паспеюць — на гэта будзе 15 секунд пасля закрыцця дзвярэй.
Навіна спарадзіла шмат жартаў і некалькі гнеўных петыцый у адрас сталічных транспартнікаў.
Сёння з'явілася факсаграма, якую рассылаюць у аўтобусныя паркі. «Тэрмінова забяспечце дэмантаж гукавога роліка па блакаванні сістэм аплаты ў салонах аўтобусаў», — напісана ў дакуменце.
Інфармацыю аб праведзенай працы гендырэктар прадпрыемства патрабуе падаць да 17.00 4 лютага.
Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на ДП «Сталічны транспарт і сувязь», там не падтрымалі ініцыятыву «Мінсктранса». На прадпрыемстве запэўнілі, што новаўвядзенняў пакуль не плануецца:
блакаваць валідатары і кампосцеры падчас руху не будуць, таму пасажыры могуць аплачваць праезд у звычайным фармаце.