Фота Надзеі Бужан
БелАЭС застаецца галоўнай праблемнай кропкай у двухбаковых адносінах Беларусі і Літвы. Але беларускі бок, як ніхто, зацікаўлены ў максімальнай бяспецы атамнай станцыі. Пра гэта на сумесным брыфінгу з кіраўніком МЗС Літвы заявіў Уладзімір Макей, піша Tut.by.
Лінас Лінкявічус адзначыў, што Літва па-ранейшаму настойвае на тым, каб Беларусь прыняла план дзеянняў па выкананні ключавых рэкамендацый міжнародных арганізацый у галіне бяспекі АЭС.
— Ёсць і рознагалоссі, болькі ў нашых двухбаковых адносінах. Самая вялікая — гэта АЭС. Ацэнкі яе розныя з нашых бакоў. Факт тое, што ўжо стаіць рэактар, засталося завезці паліва. Мы ўсё ж такі настойваем на тым — думаю, што гэта ў інтарэсах і Беларусі, паколькі ад гэтага залежыць бяспека аб'екта і грамадзян, — каб вылучыць асноўныя, ключавыя рэкамендацыі міжнародных арганізацый у галіне бяспекі АЭС, дапамагчы гэта могуць зрабіць прадстаўнікі ENSREG (Еўрапейская група рэгулятараў ядзернай бяспекі) і прыняць план дзеянняў па іх выкананні. Гэта было б вельмі станоўчае развіццё справы, нягледзячы на ўсе рознагалоссі, — заявіў Лінас Лінкявічус.
Дэлегацыя ENSREG ў Беларусь прыедзе ў сакавіку. І беларускі бок, па словах Макея, гатовы абмяркоўваць усе рэкамендацыі, якія дасць рэгулятар.
— Ніхто так не зацікаўлены ў бяспецы гэтай станцыі, як Беларусь. Таму ўсе рэкамендацыі, якія будуць выказаныя нашым партнёрам [Літвой] будуць абмеркаваныя, а падчас візіту еўрапейскага рэгулятара гэтыя рэкамендацыі будуць абмеркаваныя з адпаведнымі экспертамі, — адзначыў Макей.
Кіраўнік МЗС не змог сказаць, калі адбудзецца пуск першага энергаблока АЭС, які прыйшлося перанесці «з-за розных прычын».