У Маладзечанскі РАУС звярнуліся каля 15 чалавек, якія заявілі, што з іх патрабуюць аплату за мабільныя тэлефоны, якія яны нібыта аформілі ў растэрміноўку. Насамрэч смартфоны яны не куплялі, паведамляе абласная міліцыя. 

Аператыўнікі высветлілі, што маладзечанцам ад аператара сотавай сувязі паступілі прэтэнзіі аб запазычанасці па растэрміноўцы. Заяўнікі не ведалі, што на іх пашпарт быў аформлены так званы крэдыт. Як аказалася, раней усе ашуканыя грамадзяне звярталіся ў адзін і той жа салон аднаго з аператараў сотавай сувязі, дзе набывалі сім-карты альбо мабільныя прылады.

Супрацоўнікі АБЭЗ выйшлі на след 24-гадовай супрацоўніцы салона. Дзяўчына афармляла ў растэрміноўку тэлефоны, выкарыстоўваючы пашпартныя даныя кліентаў. Пасля гаджэты прадавала праз інтэрнэт па прывабных цэнах, а атрыманыя грошы траціла. Калі ў краму звярталіся пацярпелыя кліенты, дзяўчына, каб схаваць факты сваёй злачыннай дзейнасці, спасылалася на памылкі ў электроннай базе.

За два месяцы маладзечанка такім чынам аформіла ў растэрміноўку смартфоны на 5 тысяч рублёў. Работніца прызнала віну і раскаялася ў зробленым. Свой учынак яна абгрунтавала цяжкім фінансавым становішчам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0