Рэжысёр Дэвід Лінч нечакана для ўсіх выпусціў кароткаметражны фільм «Што зрабіў Джэк?» (What did Jack do?), у якім выканаў адну з галоўных роляў. Стужка без ніякіх анонсаў і рэкламы з'явілася на сэрвісе Netflix.

У 17-хвіліннай чорна-белай карціне Лінч грае дэтэктыва, які дапытвае малпу. Мала таго, што малпа размаўляе, дык яшчэ і падазраецца ў забойстве. Фільм «Што зрабіў Джэк?» быў зняты Лінчам у 2016 годзе пры падтрымцы парыжскага Фонду сучаснага мастацтва Карцье і дэманстраваўся на некалькіх фэстывалях, аднак шырокай публіцы прадстаўлены ўпершыню. Рэжысёр таксама выступіў аўтарам сцэнарыя стужкі.

Дэвід Лінч зняў такія фільмы, як «Чалавек-слон», «Сіні аксаміт» і «Малхоланд Драйв», а таксама культавы серыял «Твін Пікс». 20 студзеня рэжысёру споўнілася 74 гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0