Бутыджыдж з мужам на адной з перадвыбарчых сустрэч. Фота Асашыэйтэд прэс.

Бутыджыдж з мужам на адной з перадвыбарчых сустрэч. Фота Асашыэйтэд прэс.

Упершыню ў лік лідараў гонкі за права стаць кандыдатам у прэзідэнты ЗША ўвайшоў адкрыты гей.

Гэта 37-гадовы Піт Бутыджыдж (Pete Buttigieg), самы малады з прэтэндэнтаў і мэр 100-тысячнага горада ў глыбінцы, штаце Індыяна.

«Паміж момантам, калі я зразумеў, што я гей, і момантам, калі я публічна ў гэтым прызнаўся, быў перыяд, калі я свядома пазбягаў кахання, — расказаў Бутыджыдж у інтэрв'ю «Нью-Ёрк таймс»,

— гэта мне чагосьці каштавала, гэта трохі ціснула. З другога боку, я быў таксама вельмі заняты адказнай працай [ён быў студэнтам-мегавыдатнікам, пасля працаваў у бізнэсе і валанцёрыў у Дэмакратычнай партыі, а пасля стаў мэрам]. Я не ўпэўнены, што я так мала б звяртаў на гэта ўвагу, калі б я працаваў 40 гадзін за тыдзень або калі я б рабіў нешта, што для мяне не было такім важным», — мяркуе ён. 

На камінг-аўт Бутыджыджа падштурхнуў досвед службы ў арміі ў Афганістане, пераасэнсаванне важных для сябе момантаў, калі ідзеш на баявое заданне. «Там ты рыхтуеш сябе да рызыкі смерці ва ўзросце, калі большасць тваіх аднагодкаў маюць штосьці, чаго ты не маеш, — яны ведаюць, што такое быць закаханым. А для мяне гэта было недасяжным».

Там, у Афганістане, Бутыджыдж прыняў для сябе рашэнне, што ён павінен гэта зрабіць. У той час ранейшы прынцып «don’t ask, don’t tell», «не пытацца і самому не расказваць», адносна геяў у арміі быў адменены, і прызнанне ў сваёй арыентацыі не азначала неабходнасць сыходу з арміі (пасля Афганістана Бутыджыдж працягваў службы ў рэзерве).

Але Бутыджыдж быў яшчэ і мэрам горада — каб адслужыць у Афганістане, ён узяў сямімесячны адпачынак на пасадзе мэра. У Афганістане даслужыўся да лейтэнанта разведкі.

Перад пераабраннем на пасаду мэра горада Саўсбэнд ў 2015-м Бутыджыдж зрабіў камінг-аўт, а ў 2018-м ён пабраўся шлюбам з мужчынам.

Бутыджыдж дапускаў, што ў кансерватыўнай Індыяне гея не пераабяруць, але рызыкнуў палітычнай кар'ерай дзеля таго, што лічыў важным. Ён памыліўся. Жыхары горада з насельніцтвам 102 тысячы чалавек, гэта прыкладна як Маладзечна, пераабралі Бутыджыджа з рэдкім для ЗША вынікам 80 % галасоў.

Муж Бутыджыджа дапамагае яму ў кампаніі. Здымкі іх разам нязвыклыя для людзей, якія прызвычаіліся бачыць толькі разнаполыя пары. Фота з інстаграма Частэна Глезмана.

Муж Бутыджыджа дапамагае яму ў кампаніі. Здымкі іх разам нязвыклыя для людзей, якія прызвычаіліся бачыць толькі разнаполыя пары. Фота з інстаграма Частэна Глезмана.

Марафон выбару кандыдата ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі стартуе ў ЗША на пачатку лютага.

Асноўная барацьба разгарнулася між ветэранамі. Цэнтрысту, былому віцэ-прэзідэнты 77-гадоваму Джо Байдэну процістаіць прадстаўнік левага крыла партыі, 78-гадовы Бэрні Сандэрс. Шанцы на рывок у апошні момант мае яшчэ адзін 77-гадовы кандыдат, мільярдэр Майкл Блумберг, які траціць на кампанію вялізныя рэсурсы. Яшчэ адной з лідарак — Элізабэт Уорэн — 70 гадоў.

Такі ўзрост кандыдатаў-дэмакратаў сведчыць не толькі пра значныя дасягненні амерыканскай медыцыны, усё ж перадвыбары ў ЗША патрабуюць ад кандыдата каласальных затрат энергіі. Але таксама праява няверы ў перамогу над Трампам — некаторыя маладзейшыя зоркі Дэмакратычнай партыі лічаць за лепшае пачакаць. І, таксама, у пэўнай ступені — крызісу ідэй, калі «ў бой ідуць адны старыкі».

Піт Бутыджыдж (справа) і яго муж Частэн Глезман. Фота часопіса «Тайм».

Піт Бутыджыдж (справа) і яго муж Частэн Глезман. Фота часопіса «Тайм».

Аёва, якая на перадвыбарах галасуе першай, — гэта сельскагаспадарчы штат. Як правіла, кандыдаты, які перамагаюць у Аёве і Нью-Гемпшыры, што галасуе другім, перамагаюць і ва ўсёй краіне.

Перадвыбары ў Аёве, так званыя «кокусы», адбываюцца 3 лютага.

У агульнаамерыканскіх апытаннях Бутыджыдж сярод дэмакратаў пакуль 4-ы, ён робіць стаўку на добры вынік у Аёве і спадзяецца, што гэта дасць турбастарт яго кампаніі.

Стыль Бутыджыджа асцярожны, стрыманы, можа быць, празмерна «правільны», у адрозненне ад выбуховых Трампа і Сандэрса і Байдэна, які ўмее пажартаваць. Можа быць, Бутыджыдж і недастаткова яскравы, каб стаць палітыкам нумар адзін нацыянальнага маштабу. Напрыклад, ён не выклікае захаплення ў самага маладога пакалення. У Цік-току да яго прыляпілася мянушка Mayo Pete, па гульні слоў з Mayor Pete, ад слова Mayo, маянэзік, — гэта значыць нехта невыразны, безаблічны.

У кожным разе, сам факт добрых рэйтынгаў Бутыджыджа на гэтым этапе кампаніі азначае, што ў амерыканскай палітыцы гей ужо можа спаборнічаць на роўных. Значэнне маюць здольнасці палітыка і адміністратара, а не сэксуальная арыентацыя. І гэта вельмі натхняльна для мільёнаў людзей ва ўсіх свеце, якія хочуць мець роўныя шанцы. 

На сёння ў ЗША раўнапраўе геяў успрымаецца як норма абсалютнай большасцю насельніцтва. Больш за тое, на сёння прыкладна 61% амерыканцаў падтрымлівае права ЛГБТ на аднаполыя шлюбы, супраць выказваюцца толькі 31 %, згодна з апытаннем Pew Research.

Сам Бутыджыдж ацэньвае свае шанцы рэалістычна: «Звычайна першым пераадольвае бар'ер на шляху да прэзідэнцтва не той, хто першым паспрабаваў гэта зрабіць». Абама быў не першым афраамерыканцам, які спрабаваў стаць кандыдатам у прэзідэнты. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?