У Бабруйску 16 студзеня працягваліся судовыя слуханні па зыску сакратаркі Бабруйскай участковай выбарчай камісіі № 22 Юліі Фурман да выдання «Бабруйскі кур'ер». Сёння — вынесенае рашэнне. І яно не на карысць інтэрнэт-выдання, паведамляе spring96.org.

Юлія Фурман сцвярджала, што газета схлусіла пра тое, што адбывалася ў адзін з дзён датэрміновага галасавання на выбарчым участку № 22 Бабруйска.

15 лістапада на сайце «Бабруйскага кур'ера» з’явіўся матэрыял «Сакратар участковай выбарчай камісіі зачынілася ад назіральнікаў са скрыняй для галасавання ў сваім кабінеце». Падзеі, якія апісваліся ў матэрыяле, адбываліся напярэдадні, 14 лістапада. Пра іх журналістам паведаміла назіральніца Ала Шпакава.

Юлія Фурман, пра якую ішла гаворка ў матэрыяле, накіравала на адрас «Бабруйскага кур'ера» зварот, у якім указала, што «матэрыял не адпавядае рэчаіснасці». Сакратарка камісіі патрабавала ў сваім звароце, каб «Бабруйскі кур'ер» апублікаваў абвяржэнне матэрыялу альбо прадставіў доказы «ўсяго таго, што апісана ў артыкуле» і запатрабавала сабе 5000 рублёў за маральную шкоду.

Суддзя Таццяна Караленка вынесла наступнае рашэнне: Віталь Санаценка (на яго аформлены сайт) і Яўген Глаголеў-Васьковіч (аўтар) мусяць пакрыць дзяржпошліну ў памеры 153 рублёў і маральную шкоду Юліі Фурман ў 500 рублёў (яна прасіла 5 000 рублёў). А таксама ў сямідзённы тэрмін апублікаваць частковае абвяржэнне вышэйзгаданага матэрыялу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0