Пры першым праглядзе фільма «Дойчэ Веле», а таксама прачытанні інтэрв’ю з Юрыем Гараўскім не выклікала ў мяне сумневаў, што чалавек гаворыць праўду. Аднак калі эйфарыя троху спала, сталі відавочныя нестыкоўкі і дзіўныя моманты.

Першае,

на што б хацеў звярнуць увагу: Гараўскі не сказаў абсалютна нічога новага адносна гэтых справаў. Спачатку ўсе казалі: о, дык пра адсутнасць пальцаў на назе Ганчара ніхто ж не ведаў! Але потым з інтэрв’ю следчага Петрушкевіча стала ясна, што пра пальцы было напісана ва ўсіх міліцэйскіх арыенціроўкі таго часу. Усе сілавікі ведалі пра гэтую асаблівасць Ганчара.

Другое,

Гараўскі нібыта называе новыя імёны саўдзельнікаў злачынства. Некаторыя, як Наватарскі ці Будзько, былі вядомыя ўжо даўно, іншыя прозвішчы прагучалі ўпершыню. Адзін з названых, спецназавец Уладзімір Румянцаў у экспрэсіўным каментары «НН» заявіў, што Гараўскі проста пералічыў людзей, з якімі служыў разам. Пры гэтым ужо не выклікае сумневаў, што Гараўскі сапраўды нёс службу ў той час і называе прозвішчы рэальных людзей.

Трэцяе,

на гэтым тыдні большасць СМІ падала ледзь не як сенсацыю вызначэнне месца забойства Ганчара і Красоўскага. Многія журналісты з’ездзілі пад Бягомль і напісалі кідкія загалоўкі «Як выглядае месца забойства Ганчара і Красоўскага». Пагартаў архіў некаторых газет за 2001 год. Практычна тыя самыя загалоўкі. Некаторыя журналісты тады нават ездзілі пад Бягомль разам з тагачасным міністрам унутраных справаў Уладзімірам Навумавым. Шукалі сляды забойстваў. Не ўпершыню праходзіла інфармацыя і пра тое, што астанкі Захаранкі могуць знаходзіцца на Паўночных могілках.

Чацвёртае,

асоба самога Гараўскага выклікае шмат сумневаў. Чалавека ўжо злавілі на адкрытай хлусні. Спачатку Гараўскі кажа, што не быў пакараны за вымагальніцтва. Але ўжо ў наступным інтэрв’ю ён прызнае, што быў асуджаны да чатырох гадоў «хіміі» за выбіванне грошай. Незразумела дзеля чаго ён спрабаваў схлусіць, калі такія дадзеныя ўсё адно б непазбежна ўсплылі.

Пятае,

шмат дэталяў у інтэрв’ю, у якія вельмі слаба верыцца. Вядома, улічым, што вера — панятак суб’ектыўны. Напрыклад, як Гараўскі пісаў на Хартыю-97, а на наступны дзень да яго стаў тэлефанаваць Паўлічэнка з настройлівым прапановамі не звязвацца з недзяржаўнымі СМІ. Пры гэтым Гараўскі кажа, што яго спрабавалі ліквідаваць яшчэ ў 2008 годзе. Але тады незразумела, чаму за наступныя 10 гадоў такіх спробаў не было.

Шостае,

некалькі дэталяў адзначыў следчы Петрушкевіч. Напрыклад, ён не разумее, навошта скрадзенага Захаранку трэба было везці 60 кіламетраў да Валоўшчыны, там забіваць. А потым везці цела назад у Мінск. Петрушкевіч не верыць, што на такое заданне маглі адправіць «зялёную» моладзь, а не правераныя кадры.

Сёмае,

час з’яўлення інтэрв’ю. Магчыма, тут гаворыць параноя, і гэта проста збег абставінаў. Але гісторыя навучыла, што падобныя рэчы ўзнікаюць у публічнай прасторы перад важнымі і знакавымі падзеямі. У 2001 годзе, за два тыдні да прэзідэнцкіх выбараў, сталі з’яўляцца ананімныя сведчанні спецназаўца, які служыў у Бягомлі і быў сведкам таго, як Паўлічэнка і кампанія выязджалі на нейкае заданне вечарам 16 верасня 1999 года. З’яўляліся сведчанні былога супрацоўніка КДБ Генадзя Угляніцы, які цяпер у Нарвегіі. Рапарты Алкаева і Лапаціка. Нешта падобнае, але ў меншай ступені здарылася і ў 2010 годзе, калі НТВ запусціў серыял «Хросны бацька». Усё гэта прымушае задумацца аб часе дадзенай публікацыі.

Пры гэтым варта адзначыць, што з усёй інфармацыі, якія ўсплывала ў прэсе за апошнія дваццаць гадоў, у факце забойства Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага сумнявацца не даводзіцца. Што тычыцца Гараўскага і ягоных прызнанняў, то тут хапае белых плямаў і неадназначнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?