У аўторак, 10 снежня, у Маскве пройдзе ўзнагароджанне лаўрэатаў расійскай Нацыянальнай літаратурнай прэміі «Вялікая кніга». Адным з 12 аўтараў, якія ўвайшлі ў шорт-ліст гэтай прэстыжнай прэміі, стаў Альгерд Бахарэвіч з раманам «Сабакі Еўропы».
Прэміяльны фонд прэміі складае 5,5 млн расійскіх рублёў (каля 180 тыс. беларускіх рублёў).
Раман Бахарэвіча выйшаў па-руску ў выдавецтве «Время». Пераклаў, а дакладней перастварыў раман па-руску сам аўтар.
У кнізе — мудрагелісты вузел з шасці гісторый. Тут уступаюць у дзіўныя алхімічныя рэакцыі гарады і мовы, людзі і сюжэты, вершы і траўмы, абрыўкі цытат і выдуманых успамінаў.
«Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча — раман аб чалавечай і нацыянальнай адзіноце, аб ілюзіях — пра дзяржаву, якой не трэба мінулае і якая ўпэўненая, што ў яе сілах адмяніць будучыню; пра дыктатуру слова, ускраіну імперыі і яе еўрапейскую тугу.
Набыць гэтае ды іншыя новыя выданні і бестселеры, можна ў кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, 72).