Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) занепакоеная ростам захворвання на адзёр у свеце. Як адзначаецца ў дакладзе СААЗ, апублікаваным у чацвер у Жэневе, у 2018 годзе ад адзёру памерлі больш за 140 тыс. чалавек, што амаль на 20 тыс. больш, чым годам раней, піша tass.ru.

На працягу года было зарэгістравана 353 236 выпадкаў адру, аднак у арганізацыі ўпэўненыя, што рэальныя маштабы шматкроць пераўзыходзяць статыстыку. Паводле ацэнак СААЗ, у мінулым годзе ў свеце на адзёр захварэлі прыкладна 9 млн 769 тыс. 400 чалавек, а памерлі 142,3 тыс. У параўнанні з 2000 годам, колькасць тых, хто захварэў зменшылася больш чым у тры разы, а тых, хто памёр — амаль у чатыры разы, аднак у параўнанні з 2017-м колькасць хворых вырасла больш чым на 2 млн чалавек, а тых, хто памёр - амаль на 20 тыс.

У ЗША зафіксаваныя самыя высокія паказчыкі захворвання за апошнюю чвэрць стагоддзя, чатыры еўрапейскія краіны — Албанія, Вялікабрытанія, Грэцыя і Чэхія згубілі у 2018 годзе статус дзяржаў, у якіх адсутнічае адзёр. Найбольшае пашырэнне адзёр атрымаў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Ліберыі, Самалі, Украіне і на Мадагаскары. «На гэтыя пяць краін прыпадае амаль палова ўсіх выпадкаў адзёру ў свеце», — канстатуе СААЗ.

Большасць тых, хто памёр ад адзёру складаюць дзеці ва ўзросце да пяці гадоў. «Ужо сам факт, што сёння дзеці паміраюць ад такіх хвароб, як адзёр, якія можна прадухіліць пры дапамозе вакцынацыі, выклікае абурэнне і сведчыць аб калектыўным правале ў пытанні абароны найбольш уразлівых дзяцей у свеце», - заявіў генеральны дырэктар арганізацыі Тэдрас Аданам Гебрэйесус. Ён заклікаў сусветную супольнасць інвеставаць сродкі «ў імунізацыю і ў якасную ахову здароўя».

Эксперты расцэньваюць цяперашні ахоп вакцынацыяй у свеце як недастатковы для прадухілення ўспышак адзёру.

Адзёр — надзвычай заразнае віруснае захворванне. Яно перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Яго асноўныя сімптомы на пачатковым этапе нагадваюць грып: высокая тэмпература, кашаль, чханне, галаўны боль. Затым на скуры з'яўляецца характэрная сып. Хвароба небяспечная ўскладненнямі ў выглядзе атыту, пнеўманіі, бранхіту, энцэфаліту. Інфекцыя аслабляе імунітэт і ў асобных выпадках можа прывесці да смерці хворага. Асабліва небяспечны адзёр для немаўлят і дзяцей малодшага веку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0