У першы дзень зімы пяцёра выратаваных тыграў адправяцца ў спецыялізаваны прытулак у Іспаніі. Яшчэ дзве жывёлы застаюцца ў Познаньскім заапарку, піша Брестская газета.

Самыя высокія службовыя асобы горада Познань 29 лістапада развіталіся з пяццю выратаванымі пад беларускай мяжой тыграмі.

Зранку 1 снежня жывёлы адправяцца ў спецыялізаваны прытулак у Іспаніі. Хвастатых падарожнікаў будуць суправаджаць спецыялісты, перавозка будзе ажыццяўляцца ў максімальна камфортных умовах.

Яшчэ два тыгры застаюцца ў Познаньскім заапарку. Гох павольна аднаўляецца пасля аперацыі на страўнікава-кішачным тракце.

«Мы ўсё яшчэ не можам сказаць, што Гох — у добрым стане, мы да гэтага часу занепакоеныя, таму што яго арганізм моцна надарваны. Столькі часу, як ён правёў у грузавіку без вады або ежы — гэта забойства для каціных печані і нырак», — паведамляў 28 лістапада заапарк на афіцыйнай старонцы.

Па словах супрацоўнікаў, Гох — добры пацыент, ён пакорліва прымае неабходныя лекі, але ён усё яшчэ на мяжы жыцця і смерці. Супрацоўнікі да гэтага часу не ведаюць, ці працуюць яго стрававальная сістэма і страўнік.

Таварыш Гоха — Кан — таксама застаецца ў Познані. У яго артапедычныя праблемы.

Тыгры Максімус і Фенікс, якія знаходзяцца ў прыватным заапарку ў Члухаве, адчуваюць сябе добра — для іх створаныя выдатныя ўмовы, яны аднаўляюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0