Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыбыў з неабвешчанымі візітам у Афганістан, каб сустрэцца з амерыканскімі вайскоўцамі, якія праходзяць службу ў гэтай краіне, і павіншаваць іх з Днём падзякі. Гэта яго першы візіт у Афганістан, піша bbc.com.

Трамп таксама сустрэўся з прэзідэнтам Афганістана Ашрафам Гані. Пасля сустрэчы амерыканскі прэзідэнт заявіў журналістам, што рух «Талібан» імкнецца заключыць мірнае пагадненне.

За тыдзень да яго візіту ЗША і талібы дамовіліся аб абмене палоннымі. Аглядальнікі лічаць, што гэта можа прывесці да аднаўлення перамоваў аб перамір'і.

Падчас візіту Трамп таксама заявіў, што ЗША значна скароцяць вайсковую прысутнасць у краіне, але не паведаміў дэталяў.

Цяпер у Афганістане знаходзяцца 13 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў. Войскі ЗША ўвайшлі ў Афганістан 18 гадоў таму пасля нападаў 11 верасня 2001 года. Гэта самая працяглая ваенная кампанія ў амерыканскай гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0