Пракуратура Маладзечанскага раёна накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванні 51-гадовага ўраджэнца Маладзечна, раней судзімага за забойства і замах на згвалтаванне. Яго абвінавачваюць у сэксуальным дамаганні да непаўналетніх і здымцы працэсу на відэакамеру тэлефона, піша mlyn.by.

У крымінальнай справе зафіксавалі дзевяць эпізодаў злачыннай дзейнасці абвінавачанага, якія ён здзейсніў у Маладзечне вясной 2018 і летам 2019 года.

Намеснік пракурора Маладзечанскага раёна Аляксандр Васюта расказаў:

— Мужчына 11 сакавіка 2018 года каля 16:40 у стане алкагольнага ап’янення на адной з вуліц прыватнага сектара Маладзечна прымусіў шасцігадовую дзяўчынку распрануцца і здзекваўся з яе. Абвінавачаны карыстаўся бездапаможным станам дзяўчынкі, якая з-за свайго ўзросту і псіхічнага развіцця не магла разумець характар ​​і значэнне дзеянняў зламысніка і не супраціўлялася.

Па словах Аляксандра Васюты, праз некалькі хвілін мужчына на той жа вуліцы паўторна здзейсніў аналагічныя дзеянні з другой шасцігадовай дзяўчынкай.

Сёлета 8 ліпеня каля 21:20 і 21:25 ахвярамі фігуранта сталі шасцігадовая і васьмігадовая дзяўчынкі, а 9 ліпеня каля 14:30 — тры дзяўчынкі ва ўзросце чатырох, сямі і васьмі гадоў.

Усе свае дзеянні ён здымаў на відэакамеру мабільнага тэлефона.

Паздзекавацца з яшчэ адной, дзевяцігадовай дзяўчынкай, яму перашкодзіў прахожы, якога абвінавачаны спалохаўся і ўцёк.

У 2003 годзе мужчына быў асуджаны за забойства і замах на згвалтаванне. Судзімасць не знятая і не пагашаная.

Цяпер ён чакае судовага працэсу ў камеры следчага ізалятара. Абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Абвінавачанаму пагражае да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0