Адной з наймаладзейшых дэпутатак новага склікання Палаты прадстаўнікоў стала Наталля Голуб. Ёй 32 гады, а абраная Голуб па Івацэвіцкай акрузе ў Брэсцкай вобласці.
Голуб узначальвае БРСМ у Бярозоўскім раёне.
Каб болей даведацца пра абранніцу, «Наша Ніва» патэлефанавала ёй і задала некалькі пытанняў.
«Наша Ніва»: Раскажыце крыху пра сябе.
Наталля Голуб: Нарадзілася я ў Бабруйску, але па размеркаванні трапіла ў Бярозаўскі раён. Гэта не чужыя для мяне мясціны, з вёскі Галіцы была мая мама. Яна там нарадзілася, сталела, хадзіла ў школу. Калі я прыехала па размеркаванні, то жывым быў яшчэ мой дзядуля. Ён быў перадавіком працы, працаваў трактарыстам у калгасе «Запаветы Леніна». Узнагароджаны ордэнам Леніна ў 1984 годзе.
«НН»: Вы ж скончылі Сельскагаспадарчую акадэмію?
НГ: Так, скончыла ў 2010 годзе. Факультэт бухгалтарскага ўліку і аўдыту, скончыла з адзнакай. Так я і трапіла на працу ў СПК «Вінец». Перад гэтым я праходзіла тут сваю практыку, мне ўсё падабалася, таму і размеркавалася сюды.
«НН»: Да размеркавання розныя стаўленні. Адны называюць гэта ледзь не рабствам, іншыя радуюцца, што моладзі даюць першае месца працы. Што вы думаеце?
НГ: Канечне, добра. Гэта ж першае працоўнае месца. Калі пайсці на нейкую працу, у цябе спытаюць пра досвед і працоўны стаж. А дзе яго ўзяць маладому спецыялісту? Толькі па размеркаванні. І вельмі добра, што ёсць такая магчымасць.
У СПК «Вінец» я адпрацавала пяць гадоў. Спачатку была проста бухгалтарам, пасля стала намеснікам галоўнага бухгалтара. У 2011 годзе я сама паступіла ў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце атрымліваць другую вышэйшую адукацыю. Гэта быў інстытут кіраўнічых кадраў, а спецыяльнасць — «Дзяржаўнае кіраванне і права». Вучылася завочна чатыры гады. Скончыла ў 2015 годзе. У гэты час у сельскай гаспадарцы «Вінец» я ўжо працавала сакратаром і юрысконсультам.
«НН»: А потым пайшлі па лініі БРСМ?
НГ: Я калісьці прафесійна займалася турызмам. На прадпрыемстве стала арганізоўваць каманды, ездзілі на турзлёт, дзе занялі першае месца. Былі футбол, валейбол. Маімі задачамі было знайсці моладзь і арганізаваць каманду. «Дні моладзі» арганізоўвалі, іншыя мерапрыемствы. У мяне ўсё гэта выдатна атрымлівалася, так мяне заўважылі.
«НН»: І запрасілі на працу ў Бярозу?
НГ: Так. Хаця я ў горад не пераязджала, па-ранейшаму жыву ў вёсцы, езджу ў Бярозу на працу. Раней у «Вінец» было 3,5 кіламетра да працы, а цяпер - 10.
«НН»: На працу ездзіце аўтамабілем?
НГ: Не, як атрымаецца.
«НН»: Што, і папуткі бывае ловіце?
НГ: Так, і такое ёсць.
«НН»: Жыллё вы маеце сваё?
НГ: Так, мне ж у спадчыну засталося. Спачатку там жылі бацькі маёй мамы, потым маме перайшло, а шэсць гадоў таму мама загінула, і гэта адышло мне.
«НН»: А што вы робіце ў БРСМ?
НГ: У мяне ёсць галоўны бухгалтар і вядучы спецыяліст у Белаазёрску. Найперш мне давялося арганізаваць камандную працу. Гэта не было складана, бо яшчэ падчас працы ў сельскай гаспадарцы перад мной ставілася шмат задач, і важна было ўсё паспець: і адказаць на званкі, і напісаць лісты і г.д. Таму я працы такой не баялася. З лёту стала разумець сутнасць працы, што на ёй рабіць. У нас жа кірункі ёсць: і патрыятычнае выхаванне, і студэнцкія атрады, і валанцёрская дзейнасць, ахова парадку, сацыяльныя сеткі. Вельмі шмат абавязкаў, па якіх патрэбны быў дакладны план, што трэба рабіць. Вось гэта і ёсць мая праца.
«НН»: Наталля, чаму вы пайшлі ў палітыку?
НГ: Напэўна, мне хочацца прасоўваць не толькі ўласныя ініцыятывы, а больш гаварыць пра тое, што хвалюе народ. Гэта звычайныя жыццёвыя пытанні: і добраўпарадкавання горад, і іншыя.
«НН»: Гэта была ваша ўласная ініцыятыва пайсці ў дэпутаты ці нехта прапанаваў?
НГ: Уласная, я ў мінулым годзе стала дэпутатам сельскага савета. Мабыць, і няправільна казаць, што гэта самы нізкі ўзровень. Але гэта якраз тыя дэпутаты, якія непасрэдна працуюць з насельніцтвам. Год ужо прайшоў і я пабачыла свае магчымасці і веды, каб дапамагаць людзям. Калі ў гэтым годзе абвясцілі парламенцкія, то я падумала, а чаму б і не?
«НН»: Людзі не баяліся вас падтрымліваць праз узрост?
НГ: Ды не. Яны ж бачылі, які я чалавек, як спраўляюся са сваімі задачамі, як выходжу на кантакт з людзьмі, магла нешта падказаць у рашэнні пытанняў. Я ж маю досвед як эканамічны, так і юрыдычны. Таму і падтрымалі моладзь.
«НН»: Вы сябра Камуністычнай партыі Беларусі. Чаму маладая дзяўчына прыйшла да камуністаў?
НГ: Ну было такое. Здаецца, у 2018 годзе, а можа і не. Прыйшла на адно мерапрыемства, паразмаўляла. Паслухала, якія яны падтрымліваюць ініцыятывы, кірункі дзейнасці… Так і ўступіла ў гэтую партыю. Значыць, падзяляю іх погляды.
«НН»: Маркса і Леніна вы чыталі?
НГ: Напэўна, не чытала.
«НН»: Дык а якія іх погляды вы падтрымліваеце? Былі сталінскія рэпрэсіі, што вы пра іх думаеце?
НГ: Вы хочаце пра гэта напісаць?
«НН»: Канечне, хочам. Нечым жа вы кіраваліся, калі прыходзілі ў КПБ.
НГ: Ну кіравалася. Я б, мабыць, не адказвала б на гэтае пытанне.
«НН»: З якім адчуваннем вы паедзеце ў Мінск на першую сесію?
НГ: Хваляванне ў першую чаргу. Мне хочацца… як гэта выразіць словамі? Хачу адстойваць інтарэсы сваіх выбарцаў, каб у мяне ўсё атрымалася, і я не падвяла людзей.
«НН»: Можа, ужо маеце нейкія ідэі законапраектаў? Пэўныя «хатнія нарыхтоўкі».
НГ: Нейкія ёсць, але больш я хачу прасоўваць ініцыятывы, што будуць сыходзіць ад выбарцаў, што хвалюе народ.
«НН»: А што хвалюе народ у Бярозе і Івацэвічах?
НГ: У першую чаргу іх хвалюе добраўпарадкаванне населеных пунктаў, якасць пітной вады. Гэта хвалюе жыхароў нашага рэгіёну.
«НН»: Але гэта ўсё праца на месцы, а што вы будзеце рабіць у парламенце?
НГ: Былі думкі… Былі адносна ўдасканалення сістэмы адукацыі.
«НН»: Раскажыце пра гэта.
НГ: У мяне ёсць на гэты конт думкі. Ну, не ведаю. Каб у нашых бацькоў было больш адказнасці за дзяцей. Педагог адказвае за дзіця толькі на тэрыторыі школы. Адказвае за веды, за патрыятычнае выхаванне моладзі, а ўжо бацькі адказваюць за дзіця за межамі школы. Павінна адбывацца такое размежаванне зоны адказнасці.
«НН»: Наталля, што вы думаеце пра саюз Беларусі і Расіі? Патрэбны ён нам ці не?
НГ: Ведаеце, вы такія пытанні задаяце…
«НН»: Вы ж палітык!
НГ: Мы пачынаючыя палітыкі. Тыя, хто адпрацаваў больш часу, у каго быў тэрмін у парламенце, у іх больш поглядаў.
«НН»: У вас ёсць у палітыцы ўзор, на каго хочацца раўняцца?
НГ: Я, можа, не так і моцна сачыла. Але раней кіраўнік «Вінеца» Яўген Шымчук, кандыдат эканамічных навук, быў у парламенце. Я б хацела на яго раўняцца.