Агулам старшыня Слонімскага райвыканкама адсудзіў у журналістаў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды 9,5 тысяч рублёў, піша Радыё Свабода.

18 лістапада Савецкі суд Менску разгледзеў пазоў старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча да ўласьніцы сайту «Беларускі партызан» Сьвятланы Калінкінай за публікацыю паста тэлеграм-канала Nexta. Калінкіна мае сплаціць 3 тысячы беларускіх рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды, а таксама 1653 рублі — за судовыя выдаткі.

Генадзь Хоміч падаў пазоў аб абароне гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі і кампэнсацыі маральнай шкоды. Ён патрабаваў ад Калінкінай 10 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. На пачатку працэсу патрабаваньне было 50 тысяч.

Аналягічныя пазовы Хоміч падаў супраць стваральніка тэлеграм-каналу NEXTA Сьцяпана Пуцілы, а таксама ўласьнікаў незалежных выданьняў 21.by і «Вечерний Бобруйск», якія перадрукавалі пост NEXTA.

І пазоўнік, і пазваны ў Савецкі суд не зьявіліся. Інтарэсы Хоміча прадстаўляла адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, інтарэсы Калінкінай — адвакат Алег Агееў.

Алег Агееў заявіў на працэсе, што Сьвятлана Калінкіна часткова прызнае заяўленыя патрабаваньні Хоміча: зьвесткі, апублікаваныя на «Беларускім партызане», не праўдзівыя і зьневажаюць гонар і годнасьць пазоўніка. Аднак памер кампэнсацыі Агееў назваў «яўна завышаным». Ён адзначыў, што ступень абароны ад крытыкі дзяржаўных службоўцаў «нашмат меншая і ў прынцыпе памер кампэнсацыі маральнай шкоды такім людзям, мяркуецца, будзе памяншацца».

«Сьвятлана Калінкіна добраахвотна прыняла захады для загладжваньня нанесенай шкоды, публікацыя выдаленая з сайту. А сума праглядаў склала крыху больш за 5 тысяч, што не супастаўна з колькасьцю праглядаў на першакрыніцы — тэлеграм-канале Nexta. Апроч таго Калінкіна зьяўляецца фізычнай асобай, што важна для разгляду гэтай справы». — сказаў Алег Агееў.

Паводле Агеева, Калінкіна ўжо была гатовая апублікаваць абвяржэньне, калі б яно было ў тэксьце позвы. Агееў адзначыў, што на гэта паўплывала і рашэньне суда Менскага раёну адносна стваральніка тэлеграм-канала Nexta.

Адвакатка Хоміча Марыя Колесава-Гудзіліна запатрабавала задаволіць пазоў у поўным аб’ёме. Яна сказала, што «Беларускі партызан» зьяўляецца даволі вядомым выданьнем, у яго вялікая колькасьць чытачоў. Паводле адвакаткі, пасьля ранейшых рашэньняў судоў, пададзеныя дадатковыя заявы аб кампэнсацыі судовых выдаткаў.

«Так, Хоміч гатовы да крытыкі, але крытыка гэта не абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні злачынства (знаходжаньня пʼяным за рулём, расходаваньне бюджэтных сродкаў). Тут яўнае абвінавачаньне ў тым, што Хоміч не зьдзяйсьняў». — сказала адвакатка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?