Аляксандр Лукашэнка на аўстрыйска-беларускім бізнэс-форуме выказаў меркаванне, што працэс лічбавізацыі з'яўляецца працэсам, што сыходзіць, а розум людзей усё больш захоплівае сфера штучнага інтэлекту. З гэтай тэматыкай Лукашэнка ў тым ліку меў магчымасць азнаёміцца падчас нядаўняга візіту ў ААЭ. Гэтая краіна, падзяліўся ён, інвестуе каласальныя сродкі ў гэты кірунак, збірае ў сябе найлепшых навукоўцаў.
«Я пабываў у такой лабараторыі і зразумеў, што мы дарма надзімалі шчокі. Якая лічбавізацыя? Штучны інтэлект! Яны нам ужо прапануюць паслугі. Думаю, і вам яны многае могуць расказаць», — лічыць Лукашэнка.
Разам з тым яго насцярожыў той факт, што нават самі распрацоўшчыкі не ведаюць, да чаго можа ў перспектыве прывесці развіццё сферы штучнага інтэлекту.
На прыкладзе сферы высокіх тэхналогій Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бізнэс ужо не мае межаў.