pikabu.ru

pikabu.ru

Шалёны тхор укусіў жыхарку Драгічынскага раёна, паведаміў БелТА кіраўнік раённай ветэрынарнай станцыі Уладзімір Алехнік.

Выпадак адбыўся ў аграгарадку Бездзеж 1 лістапада. 69-гадовая жанчына выявіла ў куратніку дзвюх задушаных курэй. Прыгледзеўшыся, яна ўбачыла ў гаспадарчай пабудове нару і сунула туды руку. Звярок укусіў яе за палец. Жанчына неадкладна звярнулася па медыцынскую дапамогу ў паліклініку, дзе ёй прызначылі курс прышчэпак ад шаленства.

Неўзабаве тхор трапіўся ў адну з пастак. Звярка адправілі на даследаванне ў ветэрынарную лабараторыю. Там пацвердзілі наяўнасць віруса шаленства ў жывёлы.

«Трэба старацца пазбягаць кантактаў з дзікімі жывёламі, тым больш спрабаваць іх карміць, гладзіць. У гэтым выпадку амаль напэўна можна стаць ахвярай агрэсіі з іх боку», — падкрэсліў Уладзімір Алехнік.

На падворак накладзены каранцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0