Пра гэта Аляксандр Лукашэнка сёння заявіў журналістам у час наведвання РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, БелТА.

Журналісты згадалі пра нядаўняе рашэнне Польшчы ўвесці новыя правілы для дактароў з-за межаў Еўрасаюза: медыкам, у тым ліку і беларускім, не прыйдзецца пацвярджаць свой дыплом, трэба будзе толькі прайсці экзамен у клініцы. У гэтай сувязі журналісты пацікавіліся ў кіраўніка краіны, ці не баіцца дзяржава маштабнага адтоку спецыялістаў і якія рашэнні будзе прымаць, каб не дапусціць гэтага.

«Нас гэта хвалюе, але не напружвае. Міністр кажа, што на працягу двух гадоў наогул гэтую праблему [недахопу дактароў у медустановах] здымем. Таму, можа, і нічога страшнага, што чалавек паехаў, дзесьці чамусьці падвучыць. Галоўнае, каб ён не забываў пра краіну, вяртаўся назад і дапамагаў ёй», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, у Беларусі будуць прымаць меры, каб утрымаць спецыялістаў. Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб стварэнні неабходных умоў для жыцця і працы, павышэнні заробку.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад пабудову комплексу інтэрнатаў амаль на 350 сем'яў для супрацоўнікаў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі і ўстаноў аховы здароўя Мінскай вобласці. «Гэта шыкоўны дом, прытым недарагі. Тут квадратны метр, па-мойму, крыху больш за пяцьсот долараў. І трэба будаваць такія так званыя інтэрнаты для дактароў, медсясцёр, для тых, хто працуе ў шпіталях. Гэта будзе вельмі моцна прывязваць чалавека да гэтай зямлі», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Выказваючыся пра рашэнне польскага боку, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэтую краіну многія часта ставяць у прыклад Беларусі, і не толькі апазіцыянеры. «Але калі так развіваецца краіна, чаго тады паклалі вока на спецыялістаў з Беларусі з гэтай «дыктатурай»? Вы добра развіваецеся — калі ласка, карміце сваіх лекараў, няхай яны лечаць вашых людзей. Не, хочуць, каб беларускія», — сказаў Лукашэнка.

Сярэдні заробак у Польшчы дасягнуў 1300 даляраў. Медыкі там атрымліваюць нашмат больш за сярэдняе. Акрамя таго, грамадзяне Польшчы сацыяльна абароненыя. Так, за апошнія гады дзяржава пачала выплачваць усім пенсіянерам 13-ую пенсію. На кожнае дзіця да 18 гадоў штомесяц выплачваюць па 150 долараў. Гэта робіць Польшчу прывабнай і для беларусаў. Каля 130 тысяч беларусаў аформілі «карту паляка», якая дае права працаваць у Польшчы. Узрастае і колькасць студэнтаў-беларусаў у польскіх універсітэтах. З Польшчы ў Беларусь не пераязджае на працу практычна ніхто.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0