У прычынах часовых адключэнняў электраэнергіі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, якія двойчы адбываліся ў галоўнай паветранай гавані краіны ў верасні, цяпер разбіраецца спецыяльная міжведамасная камісія.

Пра гэта паведаміў сёння журналістам першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч на палях Беларускага транспартнага тыдня, перадае БелТА.

«Прычыны здарэння зараз высвятляе міжведамасная рабочая камісія, створаная на загад Міністэрства транспарту і камунікацый. У яе склад увайшлі і энергетыкі, і прадстаўнікі Дэпартамента па авіяцыі, аэрапорта, МНС», — сказаў Аляксей Ляхновіч.

Ён не ўзяўся каментаваць сітуацыю да таго, пакуль камісія не завяршыла сваю працу, аднак выказаў меркаванне, што віной усяму старое абсталяванне, якому ўжо каля 40 гадоў.

Адключэнне электраэнергіі можа адбыцца ў любым аэрапорце, адзначыў Аляксей Ляхновіч. Аднак у гэтым выпадку, лічыць ён, правільней будзе ставіць пытанне не пра тое, чаму маглі здарыцца адключэння электраэнергіі, а чаму не спрацавалі рэзервовыя крыніцы сілкавання.

«Адпрацаваўшы 40 хвілін, яны адключыліся», — нагадаў ён.

«Сёння набыты яшчэ два дызель-генератары, якія дазволяць выключыць падобныя падзеі», — дадаў першы намеснік міністра. Паводле яго слоў, абсталяванне падключана ўжо.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0