Міхаіл Бабіч стаў першым намеснікам міністра эканамічнага развіцця Расіі, паведамляе РБК. Раней ён быў проста намеснікам міністра.
Гэтую пасаду ён атрымаў менш чым за паўгода працы ў міністэрстве. У міністэрства Бабіч прыйшоў пасля таго, як яго звольнілі з пасады пасла Расіі ў Беларусі.
Бабічу 50 гадоў, ён быў старшынёй урада Чачні (лістапад 2002 — люты 2003 года), паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта Расіі ў Прыволжскай федэральнай акрузе (снежань 2011 — жнівень 2018 года), пасля чаго быў прызначаны надзвычайным і паўнамоцным паслом, а таксама спецпрадстаўніком Пуціна па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю.
У канцы красавіка прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін вызваліў яго з дыпламатычнай пасады.
У чэрвені Бабіча прызначылі намеснікам кіраўніка міністэрства эканамічнага развіцця, што адказвае за ўзаемадзеянне з СНД і пытанні, звязаныя з Саюзнай дзяржавай Расіі і Беларусі.