Мінулы тур стартануў з дзвюх міні-сенсацый: спачатку «Слуцк» мінімальна перамог у «Іслачы», а потым «Дняпро» ў Магілёве адолеў футбольны клуб «Мінск». Далей усё прайшло больш-менш прадказальна.
Наогул, тур быў бенефісам нерэалізаваных момантаў і абстуканых каркасаў варот. Федэрацыя футбола нават прысвяціла гэтаму адмысловы ролік:
Бенефісам можна было назваць і гульню ў Брэсце, дзе «Дынама» пакуражылася з «Энергетыкам-БДУ». Матч скончыўся з лікам 6:2 на карысць гаспадароў, а іх капітан Павел Няхайчык аформіў 3+2 па сістэме «гол+пас».
А цяпер раскажам пра падзеі наступнага тура.
«Гарадзея» — «Дняпро»
- 30.08, 19:45. Стадыён «Гарадзея».
- Каэфіцыенты: «Гарадзея» (перамога) — 1.89; нічыя — 3.32; «Дняпро» (перамога) — 4.20
- Матч першага круга — 0:0
Пасля шасці параз магілёўская каманда нарэшце перамагла, і іх становішча выглядае ўжо не настолькі катастрафічным, як раней. Усяго адна перамога — і «Дняпро» можа абагнаць як «Гомель», так і «Энергетык».
Але не ўсё так проста. «Гарадзея» прайграла ў апошніх адзінаццаці турах усяго аднойчы — зайздросная статыстыка для серадняка табліцы.
Прагноз «НН»: «Гарадзея» пераможа.
«Славія» — «Дынама-Брэст»
- 31.08, 15:00. Мазыр, стадыён «Юнацтва».
- Каэфіцыенты: «Славія» (перамога) — 7.70; нічыя — 5.00; «Дынама» (перамога) — 1.35
- Матч першага круга — 0:0
Сёлета берасцейцы на далёкія выязныя матчы пачалі лятаць на самалёце. Хутка і зручна. Пакуль невядома, як «Дынама» будзе дабірацца ў Мазыр. Магчыма, што на аўтобусе — а гэта больш за 400 кіламетраў.
Герой матча супраць «Энергетыка-БДУ» Павел Няхайчык. Фота: ФК «Дынама-Брэст».
Вясной дзякуючы геройству брамніка «Славіі» палешукі здолелі ў Брэсце здабыць нічыю. Турнірныя балы камандзе Міхаіла Марціновіча вельмі патрэбныя.
Прагноз «НН»: «Дынама» будзе вельмі няпроста. Спрагназуем перамогу берасцейцаў, але яна дакладна не будзе буйной.
«Слуцк» — «Віцебск»
- 31.08, 17:00. Слуцк, стадыён «Гарадскі».
- Каэфіцыенты: «Слуцк» (перамога) — 2.64; нічыя — 3.20; «Віцебск» (перамога) — 2.64
- Матч першага круга — 2:2
Букмекеры адмаўляюцца вызначаць фаварыта — каэфіцыенты на перамогу аднолькавыя ў абедзвюх каманд, але мы паспрабуем вызначыцца.
«Віцебск» перамагаў у чэмпіянаце апошні раз пры канцы чэрвеня. Пасля гэтага была тэхнічная перамога над «Тарпеда», але здабылі яе не на футбольным полі.
За той жа самы час «Слуцк» перамог ажно пяць разоў і даволі сур'ёзна выправіў сваё турнірнае становішча, абагнаўшы ў тым ліку і «Віцебск».
Прагноз «НН»: Звычайна матчы гэтых каманд у «Слуцку» вылучаюцца градусам барацьбы і вялікай колькасцю забітых мячоў. У апошніх двух сезонах на «Гарадскім» стадыёне перамагалі выключна госці, але цяпер спрагназуем, што «Слуцк» не прайграе.
«Гомель» — «Іслач»
- 31.08, 18:45. Гомель, стадыён «Цэнтральны».
- Каэфіцыенты: «Слуцк» (перамога) — 3.68; нічыя — 3.68; «Віцебск» (перамога) — 1.90
- Матч першага круга — 1:3
Каму ў апошніх турах не шанцуе, дык гэта «Іслачы». У Гродне каманда ўпусціла перамогу ў канцоўцы гульні, а ў мінулым туры стварыла мноства небяспечных момантаў ля варот «Слуцка», але ў выніку прайграла «дзякуючы» голу, перад якім форвард суперніка згуляў рукой.
Але як бы тое ні было, наперадзе — выезд да «Гомеля», якому не шанцуе пастаянна і вечна нечага бракуе. У першым крузе «Іслач» перамагла, як будзе на гэты раз?
Прагноз «НН»: «Іслач» пераможа.
«Нёман» — «Дынама-Мінск»
- 01.09, 16:00. Гродна, ЦСК «Нёман».
- Каэфіцыенты: «Нёман» (перамога) — 4.50; нічыя — 3.62; «Дынама» (перамога) — 1.75
- Матч першага круга — 1:0
Гарадзенцы не могуць перамагчы на працягу пяці апошніх матчаў, а іх брамнік Зміцер Дудар прызнаецца найлепшым брамнікам двух апошніх тураў. Калі б не ягоныя геройствы, нескладана ўявіць, што было б з «Нёманам».
«Дынама» тыдзень таму тур прапускала (дзякуй за гэта «Тарпеда») і згуляла спарынг з расійскім «Смаленскам». Таксама ў прэсе з'явілася інфармацыя, што Сяргей Гурэнка можа пакінуць каманду, а на яго месца мусіў прыйсці Аляксандр Хацкевіч або Алег Дулуб. Але, здаецца, гэта быў фэйк.
Прагноз «НН»: Вельмі складана спрагназаваць матчы «Дынама», бо каманда выдае часам досыць нестабільную гульню. Таму не будзем прагназаваць чыюсьці перамогу, а паставім на тотал, меншы за 2.5.
«Энергетык-БДУ» — «Шахцёр»
- 01.09, 17:45. Мінск, РЦАР-БДУ.
- Каэфіцыенты: «Энергетык» (перамога) — 8.30; нічыя — 5.75; «Шахцёр» (перамога) — 1.29
- Матч першага круга — 4:3
Увесну «студэнты» на пару з «гарнякамі» выдалі звышяскравы матч, які скончыўся сенсацыйнай перамогай «Энергетыка». Пасля гэтага за мінчукамі замацавалася рэнамэ «гразы аўтарытэтаў».
Пасля 3:4 ад «Энергетыка». Фота: ФК «Шахцёр».
Але сёння складана сабе ўявіць, што «студэнты» паўтораць вясновы поспех.
Прагноз «НН»: Перамога «Шахцёра».
«Мінск» — БАТЭ
- 01.09, 19:45. Стадыён ФК «Мінск».
- Каэфіцыенты: «Энергетык» (перамога) — 9.40; нічыя — 5.15; «Шахцёр» (перамога) — 1.30
- Матч першага круга — 0:1
БАТЭ застаўся без еўракубкавай восені. Сёлета засталася толькі адна задача — гэта чэмпіянат. І здаецца, што ў першы восеньскі дзень пачнецца сапраўдны бой за чэмпіёнства паміж БАТЭ, берасцейскім «Дынама» і «Шахцёрам».
І першы крок — матч супраць «Мінска».
Прагноз «НН»: Перамога БАТЭ.
У сувязі са зняццем з чэмпіянату мінскага «Тарпеда» ва ўсіх астатніх матчах «аўтазаводцам» будзе прысуджана тэхнічная параза 0:3. На гэты раз пашанцавала «Тарпеда-БелАЗ».
ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА
Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах і абавязкова схадзіце на стадыён! Лічыце сябе экспертам у беларускім футболе — зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!