У Жлобінскім раёне айчым пакінуў 6-гадовага хлопчыка ў машыне, а сам пайшоў у лес у грыбы. Калі мужчына вярнуўся, у салоне аўто было пуста, паведамляе гомельская абласная міліцыя.

Мужчына распавёў міліцыі, што ў лесе згубіўся яго пасынак. На месца здарэння неадкладна выехалі чатыры міліцэйскія нарады. Пра інцыдэнт паведамілі ў МНС і мясцоваму ўчастковаму, які падключыў і леснікоў.

Высветлілася, што мама была на працы, а айчым вырашыў пайсці ў грыбы, узяўшы з сабой пасынка. Хлопчык не захацеў ісці ў лес і застаўся ў машыне з тэлефонам у руках. Праз пяць хвілін мужчына вярнуўся да аўто, але ў машыне нікога не было. Мабільнік ляжаў на заднім сядзенні.

Як распавёў намеснік начальніка крымінальнага вышуку УУС аблвыканкама Яўген Бобрык, міліцыя тармазіла ўвесь сустрэчны транспарт, але вынікаў гэта не давала. Неўзабаве міліцэйская машына павярнула на прасёлкавую дарогу. Насустрач ім рухалася машына. Калі аўто пад'ехала бліжэй, з яго выскачыў кіроўца і распавёў міліцыянтам, што ён падабраў на дарозе хлопчыка, які згубіўся. Кіроўца прапанаваў дзіцяці сваю дапамогу ў пошуку бацькоў. Дарэчы, малы паспеў прайсці 2 км ад машыны, на якой прыехаў з айчымам.

Начальнік АУС Жлобінскага райвыканкама Генадзь Мельнік правёў з айчымам гутарку, патлумачыўшы магчымыя наступствы гэтага інцыдэнту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0