Партыя «Народная Грамада», якая ўваходзіць у склад Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, выступіла з ініцыятывай аб правядзенні малебну ў абарону Курапатаў 15 красавіка ў 18:00 ля рэзідэнцыі Лукашэнкі.
Аднак ахвочых памаліцца ля адміністрацыі чакаюць аўтазакі.
Вядома пра першыя затрыманні. Сярод затрыманых — Вячаслаў і Марына Касінеравы, а таксама Яўген Афнагель.
На малебен прыйшлі каля 10 чалавек, паведамляе Tut.by.
Фота: Радыё Свабода.
Каля 18.30 сем чалавек сталі ў кола, памаліліся, каб вярнулі крыжы на тое месца, адкуль іх знеслі ў Курапатах, каб закрыўся рэстаран «Паедзем паядзім». Яшчэ тры чалавекі стаялі побач з тымі, хто маліўся. Актывістка Ніна Багінская ўзняла БЧБ-сцяг, на спіне ў яе быў плакат «Свабоду народу».
Каля будынка адміністрацыі таксама прысутнічала шмат міліцыянераў у цывільным, у тым ліку і кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама. Праваахоўнікі не ўмешваліся, толькі калі актывісты ўжо сталі разыходзіцца, ім заявілі, што мерапрыемства не санкцыянавана.
У 18.47 усе разышліся.