Мугір — прыгожа аформленая цытата з Карана, якую ў татарскіх сем'ях вешаюць, як хрысціяне — іконы. Дадзены мугір вырабіў майстар Раеўскі з Мінска. Цікава, што ён не меў пальцаў на руцэ. Фота Разаліі Александровіч.

Мугір — прыгожа аформленая цытата з Карана, якую ў татарскіх сем'ях вешаюць, як хрысціяне — іконы. Дадзены мугір вырабіў майстар Раеўскі з Мінска. Цікава, што ён не меў пальцаў на руцэ. Фота Разаліі Александровіч.

Гісторыя татарскай мусульманскай грамады Беларусі пачынаецца ў XIV стагоддзі. Прысутнасць усходніх ваяроў, праўдападобна цюркаў, засведчана яшчэ ў войску вялікага князя Гедыміна. Змяшаныя напаўпаганскія­-напаўхрысціянскія перакананні гэтага ды іншых вялікіх князёў, найперш Кейстута ды Альгерда, спрыялі прыязнаму стаўленню да ўсходніх ваяроў, многія з якіх таксама былі мусульманамі толькі ўмоўна.

Культурны ўплыў Залатой Арды на Вялікае Княства Літоўскае быў, вядома, не такі, як на Маскоўскае княства, але таксама немалы. Нават на ранніх манетах ВКЛ, бітых пры канцы XIV стагоддзя, даследчыкі адзначаюць уплывы залатаардынскай традыцыі.

Вялікія князі, уключна з Вітаўтам, аж да пачатку XV стагоддзя актыўна ўдзельнічалі ў залатаардынскай палітыцы. Адзін з самых уплывовых князёў Арды, Тахтамыш, пасля таго як прайграў у барацьбе за ўладу Цімуру (Тамерлану), уцёк у ВКЛ з вялікай колькасцю сваіх прыхільнікаў.

Татары былі карысныя Вялікаму Княству, бо ўмелі карыстацца вяроўкамі-­арканамі і прымянялі іх супраць крыжакоў, сцягваючы тых з сядла. Скінутыя на зямлю рыцары ў сваіх цяжкіх латах былі бяссільныя.

Удзел татараў на чале з сынам Тахтамыша, Джалаладдзінам, на баку ВКЛ у Грунвальдскай бітве быў адзначаны ўсімі летапісамі таго часу.

 

«Мы не татары, але шляхта-­мусульмане»

Паходжанне так званых беларуска-­літоўскіх татар куды складанейшае, чым гэта вынікае з назвы. У 1905 годзе слынны лідскі краязнаўца Міхал Шымялевіч зрабіў маштабнае палявое даследаванне па ўсёй паўночна­-ўсходняй Беларусі і выявіў, што некаторыя з татар нават адмаўляюцца звацца «татарамі». «Мы не татары, але шляхта-­мусульмане, а татарамі нас завуць толькі сяляне», — сцвярджалі яны.

Татары былі не толькі сялянамі, але і шляхтай. На Наваградчыне ў ХІХ стагоддзі шляхцічы-магаметане ўдзельнічалі ў органах самакіравання, выявіў Мікола Нікалаеў. Мячэць у Навагрудку. 1930-я гады.

Татары былі не толькі сялянамі, але і шляхтай. На Наваградчыне ў ХІХ стагоддзі шляхцічы-магаметане ўдзельнічалі ў органах самакіравання, выявіў Мікола Нікалаеў. Мячэць у Навагрудку. 1930-я гады.

Гэта і не дзіва, бо сама гэтая супольнасць паўстала са шматлікіх і разнародных плыняў імігрантаў, што перамешваліся з мясцовым славянскім і балцкім насельніцтвам, з якога і паўстаў у будучыні беларускі народ. Імігранты былі прадстаўнікамі розных усходніх народаў і плямён, збольшага цюркскіх.

Імігранты вельмі хутка перанялі мясцовую мову. Нешматлікія цюркскія тэксты, якія засталіся ад продкаў беларуска­-літоўскіх татараў, перанятыя з Асманскай імперыі. І больш мы нічога пра іх мовы не ведаем (апроч цьмяных успамінаў, што некаторыя з продкаў гаварылі на нейкіх усходніх гаворках).

Праўда, ужо ў 1990-­я часопіс беларускіх татараў «Байрам» друкаваў даўжэзныя спісы крымскататарскіх слоў для завучвання і, так бы мовіць, вяртання мовы, але гістарычна абгрунтаваць такое адраджэнне складана.

Пра разнароднае паходжанне літоўскіх татараў сведчыць і адсутнасць характэрных для іншых татараў звычаяў. Джаміль Александровіч прызнаваў: «Спажыванне каніны і кумысу, мусіць, даўно звялося са звычаяў літоўскіх татараў, прынамсі, цяпер яны засвоілі шарыяцкі погляд на конскае мяса як на «макрух», г.зн. ежу, дазволеную толькі ў крайняй патрэбе».

Кітабы — рэлігійныя кнігі беларускіх мусульман, напісаныя беларускай мовай арабскімі літарамі. На фота: кітаб другой паловы XVIII cтагоддзя з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Фота: Wikimedia Commons.

Кітабы — рэлігійныя кнігі беларускіх мусульман, напісаныя беларускай мовай арабскімі літарамі. На фота: кітаб другой паловы XVIII cтагоддзя з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Фота: Wikimedia Commons.

З усіх канфесійных супольнасцяў беларускага народа толькі татары прыдумалі і выкарыстоўвалі свой алфавіт з арыгінальнымі літарамі для перадачы адметных гукаў беларускай мовы, а менавіта [ц] і [дз]. У 1920­х Джаміль Александровіч, не схільны да беларушчыны панцюркісцкі актывіст (ён нават узяў сабе «аўтэнтычнейшае» прозвішча Насыфі), прызнаваў: «Штодзённай мовай для літоўскіх татар з’яўляецца беларуская, дакладней украінска­-беларуская. Цюркскіх слоў ацалела вобмаль: душман (вораг), гяур(ын) (няверны), чыфут (яўрэй), яссык = ястык (падушка), вушак = касяк дзвярэй [гэтае слова ўвайшло і ў беларускую літаратурную мову], а таксама атурэчаныя арабскія і персідскія словы».

Ёсць і яшчэ адна цікавая дэталь, датычная сувязі паміж беларуска-­літоўскімі татарамі і беларусамі: беларуска-­літоўскія татары жывуць толькі на абшарах, што з этнаграфічнага пункту гледжання належаць да арэалу рассялення беларусаў. Нешматлікія паселішчы, якія існавалі на ўкраінскай Валыні, зніклі яшчэ ў XIX стагоддзі.

Ці быў час, калі палалі мячэці

Пакуль татарская супольнасць была шматлікай, а ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай пераважала рэлігійная і культурная талерантнасць, мусульманская культура плённа развівалася. Па ўсёй Беларусі будаваліся дзясяткі мячэцяў, стваралася мноства рукапісных кніг. Большая частка Карана, а мусіць, і ўвесь ён, была перакладзена на старабеларускую мову. Татарская мусульманская культура вызначалася большай адкрытасцю і знітаванасцю з іншымі канфесійнымі і культурнымі супольнасцямі нашага краю. Нядаўна даследаваны Міхаілам Тарэлкам і Ірынай Сынковай зборнік тэкстаў беларуска­-літоўскіх татар XVII стагоддзя пад умоўнай назвай «Адкуль пайшлі ідалы…», на думку навукоўцаў, «прасякнуты духоўнай атмасферай еўрапейскага Рэнесансу і Рэфармацыі». Сапраўды, невядомыя мусульманскія аўтары зборніка цытуюць хрысціянскую палеміку таго часу і пераклады Сымона Буднага.

Распачатая неўзабаве паланізацыя і рост уплыву Каталіцкай царквы ўдарылі не толькі па праваслаўных беларусах, але і па нашых суайчынніках-­мусульманах. Дайшло да таго, што ў 1609 годзе фанатыкі спалілі ў Троках мячэць, а таксама пратэстанцкі храм ды сінагогу. Пераслед то ўзмацняўся, то слабеў. Нейкі час мусульманам не дазвалялі нават рамантаваць мячэці і жаніцца з хрысціянкамі. Да канца Рэчы Паспалітай мусульмане, як і ўсе некаталікі, былі абмежаваныя ў грамадзянскіх правах.

Генерал Гасан Канапацкі ў 1919 годзе быў прызначаны камандзірам беларускіх вайсковых частак. На фота — з жонкай і дачкой. Фота: novychas.by.

Генерал Гасан Канапацкі ў 1919 годзе быў прызначаны камандзірам беларускіх вайсковых частак. На фота — з жонкай і дачкой. Фота: novychas.by.

У 1860­-х многія літоўскія татары, як і многія мусульмане еўрапейскай часткі Расійскай імперыі, як то чаркесы ці крымскія татары, выехалі ў Асманскую імперыю. Праўда, як і варта было чакаць, пасля яны вярталіся і адгаворвалі ехаць туды іншых. Бо супольнага з туркамі, нягледзячы на намінальную рэлігійную блізкасць з Турэччынай, было няшмат. Куды жвавей пайшла пазней эміграцыя на амерыканскі кантынент. У выніку культура татараў-­мусульманаў Беларусі заняпала, мячэці амаль не будаваліся, кнігі толькі капіяваліся, змест іх не мяняўся і зводзіўся да простага пераказу рэлігійнага вучэння, паданняў ці карысных парадаў.

Ібрагім Канапацкі (1949—2005) адыграў выключную ролю ў адраджэнні татарскіх традыцый. Фота: novychas.by.

Ібрагім Канапацкі (1949—2005) адыграў выключную ролю ў адраджэнні татарскіх традыцый. Фота: novychas.by.

Але і нягледзячы на такое знякроўленне, татарская грамада зрабіла непрапарцыйна вялікі ўнёсак у развіццё беларускай нацыі. У ХХ стагоддзі адным з самых выбітных беларускіх літаратуразнаўцаў стаў Сцяпан Хусейнавіч Александровіч з Капыля, а палкоўнік расійскага імператарскага войска мінчук Гасан Амуратавіч Канапацкі вядомы тым, што ў 1919—1920­х гадах быў камандуючым беларускімі вайсковымі часткамі, якія ствараліся Беларускай вайсковай камісіяй у польскім войску. Супрацоўнічаў з беларускімі арганізацыямі Гасан Канапацкі і ў міжваеннай Польшчы, і больш за тое — перадаў прыхільнасць да беларушчыны і сыну Мацею. Татарскія карані мелі такія выбітныя персанажы беларускай гісторыі, як пераможца ў Клецкай бітве 1506 года (па іроніі лёсу, якраз над татарамі) Міхайла Глінскі, паплечнік Касцюшкі палкоўнік Якуб Ясінскі, мастак Напалеон Орда, паэт Максім Багдановіч, грамадска­палітычныя і культурныя дзеячы Іван і Антон Луцкевічы.

Іван Луцкевіч — беларускі інтэлектуал са шляхецкага роду, які меў татарскае паходжанне. Разам з братам Антонам стаяў ля вытокаў беларускага руху ў пачатку XX стагоддзя.

Іван Луцкевіч — беларускі інтэлектуал са шляхецкага роду, які меў татарскае паходжанне. Разам з братам Антонам стаяў ля вытокаў беларускага руху ў пачатку XX стагоддзя.

Чароўныя палёты з Наваградчыны ў Мекку

Галоўным складнікам ідэнтычнасці для татараў быў іслам, дакладней яго суніцкае адгалінаванне. Жывучы ў далечыні ад цэнтраў ісламскага свету, яны ставіліся да веры неартадаксальна.

У вёсцы Лоўчыцы на Наваградчыне месціцца, бадай, галоўная святыня-­прошча беларуска-­літоўскіх татар. А менавіта магіла святога Кунтуся. Апошні быў мясцовым пастухом і, як казалі, мог імгненна лётаць з Лоўчыц у Мекку, каб прачытаць намаз у святым месце. Пра тое ніхто не ведаў, але аднойчы ён дапамог такім чароўным чынам вярнуцца дамоў свайму пану, які апынуўся ў Мецы без грошай. Кунтусь узяў з таго слова, што ён нікому не распавядзе гэтай таямніцы, але той урэшце сказаў сваёй жонцы. У выніку той Кунтусь памёр.

Цікава, што татары зусім не адгароджваліся ад іншых канфесій, а апошнія таксама пазбягалі варажнечы да мусульманскіх суродзічаў. Гэта вялікае адрозненне Беларусі ад тых славянскіх краін, дзе склаліся традыцыі ісламафобіі. Сапраўды, Шымялевіч у 1905 годзе апісваў супольнае ахвяраванне чорнага барана мусульманамі і праваслаўнымі, паломніцтва хрысціян і яўрэяў на мусульманскія могілкі. Больш за тое, ён адзначаў: «Працоўнае жыццё літоўскага татарына аздабляецца тымі самымі народнымі святамі, якія захаваліся ў сялян і шляхты нашага краю. Шляхціц­мусульманін, таксама як і хрысціянін — сусед яго, паклаўшы першае бервяно пад зруб дома, адзначае «закладзіны», пасля, уваходзячы ў новую хату, не праміне зладзіць «уваходзіны». Зжаўшы першы сноп жыта ў полі, татарын ставіць у чырвоным куце сноп­»гаспадар», а калі скончыцца жніво, — «гаспадара» выносіць у пуню, а ў чырвоным куце вешае вянок з жытніх каласоў».

Могілкі ў Іўі, сучасны выгляд. Звярніце ўвагу, што татары пазначаюць на помніку імя маці чалавека. Яшчэ звярніце ўвагу, што яны абкладаюць магілы камянямі.

Могілкі ў Іўі, сучасны выгляд. Звярніце ўвагу, што татары пазначаюць на помніку імя маці чалавека. Яшчэ звярніце ўвагу, што яны абкладаюць магілы камянямі.

Відавочны ўплыў агульнабеларускага дойлідства, найперш цэркваў, і на татарскія мячэці. Таму і не дзіва, што немцы падчас Першай сусветнай вайны нават падпісалі на сваіх здымках іўеўскую мячэць «Турэцкая царква».

Мячэць у Іўі. Фота Wikimedia Commons.

Мячэць у Іўі. Фота Wikimedia Commons.

Самабытная культура беларуска-­літоўскіх татар сёння перажывае нялёгкі час, як і астатнія атожылкі беларускай культуры. З аднаго боку, дзякуючы сучасным камунікацыйным тэхналогіям на яе ўплываюць глабалізаваныя формы ісламскай ідэнтычнасці. З другога боку, з пачатку XX стагоддзя беларуска­літоўскіх татараў інтэнсіўна спрабавалі наблізіць да сябе паволжскія і крымскія татары, разглядаючы іх як сваю дыяспару. У выніку пачалося адзначэнне пашыранага на Паволжы свята «Сабантуй», якое раней на Беларусі не фіксавалася. Пераймаліся і традыцыі іншых татараў, напрыклад, адзначалася жалобная дата высялення крымскіх татар…

Галівудскі акцёр Чарльз Бронсан меў у жылах частку татарскай крыві. Па бацьку ён быў Бучынскі. Фота Wikimedia Commons.

Галівудскі акцёр Чарльз Бронсан меў у жылах частку татарскай крыві. Па бацьку ён быў Бучынскі. Фота Wikimedia Commons.

Беларускім татарам да апошняга ўдавалася захавацца як супольнасці дзякуючы таму, што кожны з іх успамінаў пра свае карані, калі сыходзіў з зямнога жыцця апошні з яго бацькоў. 600 гадоў татары едуць на беларускім возе, і яны сталі неад'емнай часткай Беларусі.

***

Татарскі баль

У заходняй Беларусі да 1980-х гадоў захоўвалася такая з’ява, як татарскі баль. Моладзь з’язджалася, браты суправаджалі сясцёр. На такіх балях і знаёміліся маладыя прадстаўнікі татарскіх родаў, пазней з гэтых знаёмстваў утвараліся сем’і.

«На балі ўпершыню сустрэліся і мае бацькі, — расказвае Разалія Александровіч. — Звычайна пад баль здымалі вялікую хату ў некага з мясцовых жыхароў (не абавязкова татараў). Збіраліся хлопцы і дзяўчаты з усіх татарскіх мястэчак: з Міра, Клецка, Слоніма, Іўя, Наваградка. Баль працягваўся некалькі дзён. Тыя, хто здалёк, заставаліся начаваць у сваякоў ці знаёмых. На балі запрашалі і немусульман — сяброў, суседзяў.

Беларуская татарка Разалія Александровіч, 10 клас, Наваградак.

Беларуская татарка Разалія Александровіч, 10 клас, Наваградак.

Старэйшыя, як больш мудрыя, хацелі захаваць свой народ. Але я была маладая, мне здавалася гэта ў пэўнай ступені штучным, таму я на балі не ездзіла. А сабралася на падобны баль толькі аднойчы, у Вільню ўвосень 1982 года. У мяне захаваліся здымкі двух выдатных хлопцаў-«жаніхоў», якія прыйшлі назаўтра ў дом маіх сваякоў, каб працягнуць нашае знаёмства. На той час маё сэрца належала майму будучаму мужу, але шчымлівыя ўспаміны пра тыя падзеі засталіся… Цяпер я ўжо сама займаю пазіцыю захавальніцы — і нават не роду, а свайго вельмі нешматлікага народа, існаванне якога на маіх вачах паступова становіцца амаль міфічным».

Цікава, што Разалія Александровіч выйшла замуж за грамадзяніна Рэспублікі Чад. Яе дачка вучылася ў беларускім класе, скончыла Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «мастацтвазнаўства».

Як я зразумела, што я татарка

— Гэта было яшчэ да школы. У хаце маёй вясковай сяброўкі ў чырвоным куце вісела некалькі ікон, ахінутых вышыванымі ручнікамі. Я параўнала: у пакоі маёй бабулі на сцяне ёсць адна, але без выявы чалавека, хоць таксама ззяе. Гэта наш мугір — цытата з Карана. Быў ён аформлены на беларускі манер. Гэта такое маляванне па шкле фарбай: арабскай вяззю выконваецца малюнак са слоў, а вакол яго — з кветак, пад шкло падкладаецца фальга і ўсё афармляецца ў рамку.

Калі я пайшла ў школу, нас запыталі, хто мы па нацыянальнасці. Я ўжо тады разумела, што я татарка, але адказала толькі: «Я не беларуска» — і не ўдакладняла. Хоць па іроніі лёсу школа месцілася на Інтэрнацыянальнай вуліцы, перайменаванай за некалькі гадоў да майго нараджэння з Татарскай.

Калі прыйшоў час атрымліваць пашпарт — гэта было ў СССР, калі ў пашпарце існавала асобная графа, — хоць мела выбар (маме ў сельсавеце нацыянальнасць пазначылі як беларуска, і гэта перайшло мне ў пасведчанне аб нараджэнні), я без ваганняў запісала: татарка, — расказвае Разалія Александровіч.

Татары пакінулі след і ў тапаніміцы мясцовасцяў, дзе яны здаўна жылі. Ад татарскіх слоў і ўласных імён паходзяць назвы многіх паселішчаў Беларусі: Апчак каля Мінска, Арда ў Клецкім раёне, Агдэмер у Драгічынскім раёне, Койданава (цяперашняя афіцыйная назва — Дзяржынск), Мамаі ў Глыбоцкім раёне, шмат Татарак і Татаршчын з Уланаўшчынамі ды Уланамі па ўсёй Беларусі, Якшыцы ў Бярэзінскім раёне і іншыя.

Сучасная мінская мячэць — копія старой, толькі ў 5 разоў большая і на новым месцы. Фота Mr.Dmitry Shutterstock.com.

Сучасная мінская мячэць — копія старой, толькі ў 5 разоў большая і на новым месцы. Фота Mr.Dmitry Shutterstock.com.

Яшчэ нядаўна мінчукі ведалі, што Татарскія Агароды — гэта раён на месцы Палаца спорту. На гэтых агародах дбайныя татары вырошчвалі найлепшыя ў Мінску цыбулю і агуркі. У тым раёне праходзіла вуліца Мала-Татарская (у савецкі час Калгасная). А Вялікай Татарскай да рэвалюцыі называлася сучасная Дзімітрава. Была ў Мінску і вуліца Замячэтная, сама мячэць стаяла на месцы гасцініцы «Юбілейная» да 1962 года. А першы драўляны мусульманскі храм у Мінску з’явіўся яшчэ ў канцы XVI стагоддзя, у 1599-м. У 2016-м на вуліцы Грыбаедава ўзвялі мячэць, якая выглядае гэтак сама, як узарваная ў 1962-м, праўда, у 4,5 разу большая за стары храм.

Даўнейшая мячэць.

Даўнейшая мячэць.

Як татары захавалі сябе

— У савецкі час татары захоўвалі сваю ідэнтычнасць найперш праз рэлігію, мусульманскія святы. У нашай сям’і святкавалі два байрамы — Курбан-Байрам і Ашурэ-Байрам, хоць усяго іх чатыры. Гатавалі рытуальныя стравы, напрыклад, на Ашурэ-Байрам кампот з розных сухафруктаў (грушы, слівы, яблыкі, разынкі) — важна, каб было патроху, але як мага больш рознага, бо на гэта ёсць сваё тлумачэнне.

Мой бацька Адам Сулейманавіч Александровіч быў начальнікам мукамольнага цэха ў Наваградку. Мы ведалі, што паміж сабой яго называлі «Сулейманавіч» ці нават проста «татарын», пры гэтым паважалі. Памятаю, як прыносіў нам поўныя кішэні чырвоных яек на Вялікдзень.

У татараў меліся свае звычаі. Пра адзін такі звычай нядаўна ўзгадвала старэйшая жыхарка вёскі Іванава на Клеччыне, адкуль родам мая мама Лілія Карыцкая. Маладых на татарскім вяселлі ставілі на новы кажух, і мална (імам) з малітвай бласлаўляў іх шлюб. А пасля ладзілася такая гульня: трэба было перацягнуць кажух — хлопцы ў свой бок, а дзяўчаты ў свой. І вось Ірына Аляксееўна Чарнабай — яна праваслаўная, пры гэтым была сведкай на татарскім вяселлі — расказала: хлопцы і дзяўчаты з такім імпэтам перацягвалі кажух, што яго разарвалі!

Татары любілі зялёны колер. Звярніце таксама на водгулле беларускага барока ў архітэктуры. Мячэць у Крушынянах, Падляшша. Фота Wikimedia Commons.

Татары любілі зялёны колер. Звярніце таксама на водгулле беларускага барока ў архітэктуры. Мячэць у Крушынянах, Падляшша. Фота Wikimedia Commons.

Кожны, нават той, хто адкрыта не называў сябе ні татарынам, ні мусульманінам, адразу ж успамінаў пра свае карані, калі сыходзіў з зямнога жыцця апошні з яго бацькоў. Тады дзеці нябожчыка шукалі імама і выконвалі ўсе рытуалы. Бо не зрабіць гэтага — вялікі грэх перад тым, хто перайшоў у іншы свет.

І калі ў сям’і сыходзіў нехта са старэйшых, на яго месца абавязкова прыходзіў новы старэйшы. Ніхто нікога не прымушаў, чалавек проста прымаў, скажам так, «сакральны каменьчык», які трэба было захоўваць і пры сабе, і ў сабе…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?