Фрагменты савецкага танка Т-34-76 раскапалі ў пасёлку Залаты Рог Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, расказаў БелТА тэхнік аддзела экспанавання баявой тэхнікі і цяжкага ўзбраення Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Гумоўскі.
На магчымае месцазнаходжанне баявой машыны пошукавікам паказаў валанцёр музея гамяльчанін Дзмітрый Лук'яненка. У лістападзе 1943 года ў гэтых месцах праводзілася аперацыя па вызваленні Гомеля, у якой удзельнічалі танкавыя палкі.
Спецыялісты даследавалі тэрыторыю магнітаметрам. Прыборы засведчылі, што на глыбіні 3-5 м ёсць метал. На працягу двух сутак з-пад зямлі былі паднятыя гусеніцы танка, дно, правы борт, фрагменты лабавой брані корпуса і дробныя часткі падвескі і прываду.
Боекамплект адсутнічае. Ёсць версія, што танк, які захрас у балоце, быў падарваны. Рэшткі баявой машыны доўгія гады былі пахаваныя ў тарфяніку, дзякуючы гэтаму выяўленыя фрагменты добра захаваліся. «На знойдзеных элементах няма іржы, фарба не пашкоджаная», - удакладніў Аляксандр Гумоўскі.
Знаходку даставілі на тэрыторыю экспазіцыі баявой тэхнікі і цяжкага ўзбраення музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў пасёлку Станькава Дзяржынскага раёна. Неўзабаве спецыялісты пачнуць аднаўленне і рэстаўрацыю танка.