Што здарылася ў Бабруйску, дзе 17 кастрычніка на вуліцы пад кустом быў знойдзены голы нованароджаны хлопчык, афіцыйна пакуль ніхто не кажа. Як стала вядома Tut.by, дзіця з'явілася на свет неданошаным, яго знайшлі супрацоўнікі хуткай, якія прыехалі на роды. Дзверы ў хату ім ніхто не адчыніў, аднак непадалёк медыкі знайшлі немаўля, якога тэрмінова забралі ў шпіталь і аказалі неабходную дапамогу.

Дзіця, як распавяла загадчыца аддзялення анестэзіялогіі і рэаніматалогіі неданошаных нованароджаных Бабруйскага радзільнага дома Алена Вейс, у стабільна цяжкім стане. Крыніца ў медыцынскіх колах пацвердзіла, што маці таксама ўдалося знайсці, яе прывезлі ў радзільню. Як мяркуецца, бацька дзіцяці затрыманы.

Жанчына, якая нарадзіла малога, жыла ў адным з прыватных дамоў на ўскраіне Бабруйска разам з грамадзянскім мужам і была на восьмым месяцы цяжарнасці. Што менавіта адбылося вечарам 17 кастрычніка паміж мужам і жонкай, суседзі не ведаюць. Але тое, што гэтую пару цяжка назваць шчаснай, пацвярджаюць.

— Абодва пілі. Георгію (імя мужчыны зменена) дом дастаўся ў спадчыну ад бацькоў. Прыкладна год таму з'явілася Ларыса (імя жанчыны зменена), ёй на выгляд гадоў трыццаць, — распавёў Аляксандр Муравейка, сусед бацькоў нованароджанага. - Ні ён, ні яна не працавалі, часта бывалі падпіўшымі. Ларыса «газавала» нават тады, калі ўжо была цяжарнай.

Мужчына растлумачыў, што ў яго суседкі акрамя нованароджанага сына ёсць яшчэ двое дзяцей, аднак яны выхоўваюцца ў дзіцячым доме.

— Яна ўжо была пазбаўленая бацькоўскіх праў.

Пасля таго, што адбылося, ні Ларысу, ні Георгія суседзі не бачылі. Дом, у якім пражываюць бацькі хлопчыка, звонку выглядае цалкам дагледжаным. Праўда, брамка не замыкаецца — хтосьці з сяброў сям'і выламаў замок. На брамцы красуецца плакат у падтрымку алкаголю — яго таксама, як сцвярджаюць суседзі, павесілі сабутэльнікі.

— Вырашылі вось так «пажартаваць», — тлумачыць Аляксандр Муравейка.

Мужчына не выключае, што ў вечар родаў паміж мужам і жонкай адбылася чарговая сварка.

— Усе ведалі, што Ларысе яшчэ месяц да родаў. Але вось нарадзіла. А што потым адбылося — незразумела, чаму яго выкінулі, чаму дзіця апынулася на вуліцы?..

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Сяргей Болсун, па факце здарэння праводзяць праверку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?