У Магілёўскім спэцаўтапрадпрыемстве, якое займаецца адловам бадзяжных жывёлаў, адмаўляюць узмацненьне захадаў у адлове бадзяжных жывёл напярэдадні і падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, паведамляе «Радыё Свабода».

Форум афіцыйна пачаўся 10 кастрычніка. 12-га, у апошні яго дзень, чакаецца прыезд у Магілёў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.

Зьвесткі, якія распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках, што «ў сувязі з прыездам прэзыдэнтаў будуць адстрэльваць жывёлаў-беспрытульнікаў», у спэцаўтапрадпрыемстве называць непраўдзівымі.

«У нас, як і раней працуе два экіпажы, — камэнтуе сытуацыю прадстаўнік адміністрацыі спэцаўтапрадпрыемства. — Адзінае, што мы ўзялі на кантроль маршрут руху вышэйшых службовых асобаў. Экіпаж не стаіць на месцы, а будзем так гаварыць, патрулюе гэты маршрут».

Абвестка з папярэджаньнем пра, нібыта, адстрэл бадзяжных жывёл з 8 па 13 кастрычніка распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках. Падпісаная яна валянтэрамі Магілёўскага таварыства абароны жывёл. У ёй засьцерагаюць тых, хто апякуецца жывёламі-беспрытульнікамі, каб іх гадаванцы не зьяўляліся ў дварах і гандлёвых аб’ектах. «Адстрэл» аргумэнтуецца прыездам прэзыдэнтаў.

У Таварыстве сказалі, што такой абвесткі не выдавалі — і ня ведаюць хто гэта зрабіў.

«Празь яе ў нас праблемы», — пракамэнтавала абвестку кіраўніца арганізацыі Сьвятлана Ярмоленкава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?