У нямецкай Баварыі 30 траўня выпаў сьнег. Сыноптыкі ня бачылі такога дзіва 40 гадоў. Мясцовыя паліцыянты перасталі прапускаць на горныя дарогі аўтамабілі зь летнімі шынамі. Апусьцелі зоны адпачынку каля мора, закрыліся адкрытыя басэйны. Тыя, каго халады засьпелі на вакацыях, вымушаныя бавіць час у памяшканьнях.

Сьнег з моцным ветрам лютуе і ў польскіх Татрах. Мясцовыя службы ратаваньня былі нават вымушаныя абвесьціць пачатковую ступень пагрозы сыходу лавінаў.

Мерзьне і, па прагнозах сыноптыкаў, будзе мерзнуць да канца тыдня ўся Заходняя Эўропа. А разам зь ёй – Беларусь. На сёньня ў нашым краі аб’яўленае штармавое папярэджаньне. Гэта значыць, моцны вецер і праліўны дождж – што і бачым. Гэткая ж непагадзь будзе і ўначы.

У такое надвор’е магчымыя праблемы з сувязьзю ды электрычнасьцю. Ці што затопіць, ці што абарвецца. У Менску ўжо адчуваюцца скачкі напругі, на форумах пішуць пра складанасьці з падлучэньнем да інтэрнэту. Не забывайцеся на меры засьцярогі: чуйную тэхніку падключайце праз стабілізатары, не пакідайце адчыненымі форткі, а ў навальніцу вымкніце ўсю хатнюю тэхніку з уторынаў.

Заўтра дождж пачне сьціхаць, а тэмпература паціху падвышацца. Ды на зьмену ім прыйдзе новая непрыемнасьць: цэлы дзень будзе геамагнітная бура.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0