Паводле слоў Р.Лінднера, форум прысвечаны двум важным тэмам: бяспека і развіццё рэгіёну пасля расійска‑грузінскага канфлікту (еўрапейскія перспектывы Беларусі, удзел у Еўрапейскай палітыцы добрасуседства) і сусветны фінансавы крызіс. Мінскі форум пройдзе 13—15 лістапада.
У працы палітычнай секцыі возьмуць удзел дыпламаты, паслы, палітолагі, эксперты і дэпутаты з краін ЕС і краін — суседзяў Беларусі. Для ўдзелу ў эканамічным блоку пад эгідай АБСЕ запрошаны прадстаўнікі бізнесу, банкаўскага сектара, міністэрстваў і ведамстваў розных краін. Традыцыйна трэцяя секцыя прысвечана пытанням культуры, гісторыі і ідэнтычнасці, а таксама СМІ і інфармацыйнай прасторы Беларусі.
«Беларусь стала прадметам інтэграцыйнай канкурэнцыі з боку ЕС і Расіі, развіццё сітуацыі, як і форум, абяцае быць цікавым», — лічыць Р.Лінднер.
Ён падкрэсліў, што форум — гэта не толькі секцыі і выступленні, але і зносіны ў кулуарах.
Упершыню на адкрыцці форуму будзе прысутнічаць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. Паводле слоў Р.Лінднера, яго ўдзел — «важны сігнал аб тым, што Беларусь зацікаўлена ў дыялогу».
Міністр замежных спраў ФРГ Франк‑Вальтэр Штайнмаер упершыню перадасць прывітанне ўдзельнікам форуму. У ім ён кажа, што «Германія, як і ЕС, думае пра тое, як прагматычна і аператыўна ўключыць Беларусь у асобныя галіны Еўрапейскай палітыкі добрасуседства — энергетыкі, транспарту, транзіту».
На форум запрошаны прыблізна 300 удзельнікаў з розных краін, у прыватнасці з Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Фінляндыі, Швецыі.