Фота з асабістага архіву
Трохразовая чэмпіёнка Паралімпіяды распавяла «Народнай Волі» пра перамогу на асабістым фронце.
Гэты год для паралімпійкі Святланы Сахоненка будзе адметным удвая. У лютым наваполацкая спартсменка трыумфальна выступіла на Паралімпійскіх гульнях у Паўднёвай Карэі. У спорт пасля працяглай паўзы яна вярнулася за год (!) да стартаў у Пхёнчхане і адразу заваявала 4 (!) медалі — тры залатыя ў лыжных гонках і бронзавы ў біятлонным спрынце.
«За апошні час пахудзела недзе на 10 кілаграмаў, — шчыра прызналася яна пасля перамогі. — Гэта ўсё ад складаных трэніровак, арганізм, напэўна, не быў гатовы да такіх нагрузак. А мне патрэбна было ўсё і адразу, таму што ведала: без выніку не будзе заробку. Я гэта разумела і перад Алімпіядай, а таму на кон паставіла ўсё — і здароўе, і вольны час».
А ў мінулыя выхадныя ў жыцці спартсменкі адбылася яшчэ адна значная падзея — яна выйшла замуж.
— Распісаліся з мужам у загсе Фрунзенскага раёна Мінска, а ўрачыстасці праходзілі ў адным са сталічных кафэ, — кажа Святлана. — Усяго было 65 гасцей, сярод іх — спартсмены і трэнеры. Адным словам, сабраліся самыя блізкія людзі.
— Ваш муж мае нейкае дачыненне да спорту?
— Ніякага, ён працуе майстрам на Мінскім аўтамабільным заводзе. Пазнаёміліся год таму. Так атрымалася, што я шукала спадарожніка на мора, а знайшла на ўсё жыццё.
— Разам адпачывалі?
— Напачатку я планавала адпачываць у Іспаніі са знаёмай. Купілі пуцёўкі. Але ў сяброўкі ў апошні час змяніліся планы, і яна адмовілася ад вандроўкі. Я ж пачала праз спецыяльныя сайты шукаць спадарожніка ў паездку, каб не было адной самотна. Так праз інтэрнэт-перапіску і пазнаёмілася з Дзянісам. Праўда, разам адпачыць тады не атрымалася, але ён мяне ўжо сустракаў, калі вярталася з Іспаніі. І з таго часу мы не расстаёмся. Я зразумела, што гэта маё і што гэтага маладога чалавека я ўжо нікуды ад сябе не адпушчу.
— У вас ужо іншае прозвішча?
— Не, пакуль пакінула сваё. Вельмі шмат дакументаў трэба мяняць, таму на зборы і спаборніцтвы буду выязджаць пад сваім прозвішчам. Але праз год, думаю, буду яго мяняць.
— Жыллё сваё ўжо маеце?
— Не, пакуль у Мінску здымаем кватэру.
— І апошняе: мядовы месяц дзе будзеце праводзіць?
— На жаль, нікуды паехаць не зможам. У мяне пачалася падрыхтоўка да сезона, таму не магу мяняць планы. Я ўжо, шчыра кажучы, і забылася, што было вяселле. Для мяне гэта звычайнае мерапрыемства, за якое я была ў адказе. А больш, як мне падаецца, нічога і не змянілася…