Экс-кіраўнік БТ Генадзь Давыдзька, які цяпер кіруе «Белай Руссю», узяў удзел у расійскім прапагандысцкім ток-шоу «Права голасу».
«Наша Ніва» спыталася ў Давыдзькі, якія ў яго ўражанні ад праграмы — экс-кіраўнік БТ трапіў на такое мерапрыемства ўпершыню.
«Атмасфера? Яна была вельмі сяброўская, хаця не скажу, што сяброўская, —
сказаў Давыдзька. — Яны [рускія] вельмі хочуць пераканацца ў тым, што мы разам з імі, падзяляем іх лёс. Вось і ўсё. Здаецца, занадта правакацыйных пытанняў і не было. А што тычыць Крыма… Ну навошта пра гэта пытацца? Усе ведаюць, што гэта балючая тэма, што мы ставімся да гэтай праблемы не аднабакова. Што датычыць мяне, то я адказаў, як мог».
Нагадаем, што Давыдзька на пытанне «Чый Крым?» адказаў эзопавай мовай: «Я адпачываў у Крыме, мне надакучыла садавіна і гародніна, я вырашыў купіць сала. Я прыйшоў на рынак, сядзіць бабуля, прадае сала. Я кажу: бабуля, гэта мясцовае сала? І яна мне адказвае вось што: не, гэта з Украіны», — сказаў ён.
Што ён хацеў такім чынам сказаць?
«Я толькі далучыўся да той прапановы Гайдукевіча не задаваць нам такога пытання, пакуль мы з'яўляемся нібыта нейтральным бокам, — патлумачыў Давыдзька. — І перамовы [па Украіне] ідуць у нас, мы адзіная магчымая пляцоўка, хаця разглядаюцца і іншыя пляцоўкі. Але я думаю, што самае галоўнае — гэта думка людзей. Напрыклад, у Арменіі, там хай 5% людзей выказалі пратэст і кіраўнік дзяржавы вырашыў, што гэтага дастаткова, каб падаць у адстаўку. А што ўвесь народ Арменіі думае і лічыць? Гэта ўжо няважна. Актыўная частка зрабіла справу, палітычна актыўная. А ў Крыме, і я там прысутнічаў, мне падалося, што 80% прагаласавала на тым рэферэндуме [аб уваходжанні ў склад Расіі].
Ну і я паважаю выбар крымскага народа, але таксама я паважаю і Канстытуцыю, якая забараняла гэта рабіць».
Мы таксама спыталіся ў Давыдзькі, ці не здаецца, што ў «Клубе рэдактараў» не хапае супрацьлеглых поглядаў? Асабліва калі ён на сабе адчуў, якія халівары адбываюцца на суседскім ТБ.
«Больш плюралізму бадай што трэба, мы зараз пойдзем на адпачынак, а потым…. Магчыма.
Але досвед паказвае, што калі мы запрашалі Дынько, таго ж Кастусёва… Прыходзяць людзі, але яны не ўдзельнічаюць у дыскусіі, а проста выказваюць сваю думку.
Гэта не дае выніку», — сказаў кіраўнік «Белай Русі».
Ён паведаміў, што быў бы не супраць і надалей выступаць экспертам на ТБ: «Калі будуць запрашаць, то буду ўдзельнічаць. Калі ёсць магчымасць сваё гледзішча абазначыць на міжнародных пляцоўках, то гэта трэба рабіць, гэта змушае рыхтавацца, адукоўвацца».
Давыдзька адзначыў, што непасрэдна сутыкнуўся з блакіроўкай «Тэлеграма», калі прыляцеў у Расію. Праграма проста перастала працаваць.