У нядзелю не адбылася заплянаваная гульня 27‑га туру чэмпіянату Беларусі па футболе між «Дарыдай» зь Менскага раёну і мікашэвіцкім «Гранітам».

Такім чынам, «мінэральная» дружына выказала свой пратэст дзеяньню арбітраў у матчах каманды, а таксама да адносінаў кіраўніцтва фэдэрацыі да клюбу.

«Дарыда», якая займае ў чэмпіянаце перадапошняе месца і практычна разьвіталася з надзеяй застацца ў эліце, у апошнім туры прайграла гарадзенскаму «Нёману». Пры гэтым незадаволенасьць «Дарыды» выклікалі дзеяньні арбітра Антуана Маёрава. Судзьдзя нібыта паказаў зашмат жоўтых і чырвоных картак футбалістам «Дарыды», а таксама не залічыў адзін з галоў каманды. Былі пытаньні ў «дарыдаўцаў» да дзеяньняў судзьдзяў і ў другіх матчах.

Пасьля гэтага каманды зьвярнулася з адкрытым лістом да кіраўніцтва фэдэрацыі. Пад лістом падпісаліся 32 чалавекі, як футбалісты, так і кіраўнікі клюбу.

У звароце патрабавалася перагуляць матч апошняга туру зь «Нёманам». Калі ж гэтае патрабаваньне ня будзе зьдзейсьненае, то «Дарыда» пакідала за сабой права не выходзіць на гульню з «Гранітам». «Хто адкажа перад маладымі гульцамі, якія плакалі ў разьдзявальні празь несправядлівае судзейства. Хто з кіраўніцтва фэдэрацыі панёс адказнасьць за судзейскае бясчынства, п’яных арбітраў? Ці прынясе фэдэрацыя выбачэньні ФК «Дарыда»? — эмацыйна адзначалася ў звароце.

Варта адзначыць, што ў БФФ гэтаму лісту не надалі ніякай увагі. Ніхто асабіста на перамовы з кіраўніцтвам «Дарыды» ня выйшаў. Падобны ўчынак можа пагражаць «мінэральнай» дружыне штрафны санкцыямі, спрэс да выключэньня каманды з вышэйшай лігі. Прычым, высылка будзе ня ў першую лігу, а ў другую. Зрэшты, канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае.

Тым часам з адкрытым лістом да БФФ выступіў кіраўнік «Дарыды» Ўладзімер Дзялендзік. Ён растлумачыў, чаму быў прададзены менскаму «Дынама» стадыён каманды, а таксама выказаўся на іншыя тэмы.

«У далейшым я буду дапамагаць спорту, але не хачу працаваць зь сёньняшнім кіраўніцтвам БФФ. Заяўляю, што рашэньне не гуляць з «Гранітам» прымала не кіраўніцтва «Дарыды», а самі футбалісты. Ніхто з кіраўніцтва БФФ не сустрэўся з камандай. Дасылаліся пагрозы трэнэрам аб спыненьні іх спартовай кар’еры. Прыношу ўсёй футбольнай грамадзкасьці і аматарам гэтага віду спорту свае выбачэньні. Я буду абараняць свой гонар да канца. Я не развальваю футбол. Гэта фэдэрацыя сваімі адносінамі адбіла жаданьне ня толькі мне, але і футбалістам разьвіваць беларускі футбол. Многа хочацца сказаць, але лічу, што рабіць гэта ня варта. Ёсьць прыхільнікі, а ёсьць іншыя…», — адзначае У. Дзялендзік.

Нагадаем, што Беларускую фэдэрацыю футболу ўзначальвае былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Генадзь Нявыглас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?