Аляксей Талстоў
У белліце нешта адбываецца. Ён усё больш нагадвае майстэрню па вырабе выбуховых прыстасаваньняў. Чарговая такая штука — дэбютны раман Аляксея Талстова «Бег». Пра яго піша Павал Касьцюкевіч. + Інтэрвію з аўтарам
Аляксей Талстоў. Бег. — Менск: Галіяфы, 2008.
1. Асьцярожна! Міны ёсьць!
Сьпіты лыжнік. Два словы з раману Аляксея Талстова.
Недзе ў сярэдзіне 90-х асноўная вопратка дваравых насельнікаў паабнасілася, і яны пачалі даставаць з шафы тое, што засталося. Стуль гарадзкія двары ўзімку запаланілі людзі ў сініх ваўняных спорткасьцюмах і навюткіх лыжных ботах, з азызлымі тварамі і з бутэлькамі чарнілаў. А ўлетку – члены зборнай БССР, легкаатлеты ў футбольных буцах, з ношкамі кардону і авоськамі з шклотарай.
Толькі два словы з раману.
У белліце нешта адбываецца. Ён усё больш нагадвае майстэрню па вырабе выбуховых прыстасаваньняў. Вось Ева Вежнавец. Здаецца, усе апавяданьні вядомыя, але — выйшаў зборнік і грымнула па другім коле. Сабраныя разам старыя апавяданьні рванулі яшчэ аб’ёмней, заўважней. А Бахарэвіч? Выпусьціў чарговы фугас «Праклятыя госьці сталіцы» пасьля той яшчэ бомбы «Ніякай літасьці Валянціне Г.».
Уражвае лёгкасьць, зь якой новае пакаленьне празаікаў прашываецца ў геніі. Пры жыцьці — у рай. І неяк стандартна: дажыў да 24, раніцоў ускруціўся, пачысьціў (ці не пачысьціў) зубы і недзе паміж ланчам і адведкамі сябрука, зроблена — геній.
Канечне, ня будзем толькі хваласьпеўнічаць. У літарацкай Валгале яны пакуль што збольшага азіраюцца, прыглядаюцца. Дасылаюць нам адтуль свае рваныя эсэмэсы.
Звышдакладнасьць вобразаў і амаль поўная адсутнасьць сюжэту. Мова нясмачная, як на тройку вывучаны верш Куляшова ў школе, але ім і нам усё адно стае.Роўна на столькі, каб апісаць УСЁ ГЭТА. У раі ж яны толькі духам, целам — на перадавой. У тралейбусе, на раёне, у сьляпых калідорах казённых будынкаў. Штомоцы набліжаюць канец культуры, але ўвадначасьсе, насуперак уласным выкладкам, даводзяць, што прынамсі ТУТ яшчэ ёсьць што засьведчыць і што разьвязаць. Прынамсі для сябе саміх.
Часам робіцца ніякавата, што
на гэтым зацесным лапіку беларускай прозы рэжацца такая шырокая бездань паміж пакаленьнямі.Хто яны такія? І толькі старэйшым усё здаецца, што гладкія лбы маладейшых — tabula rasa. Можа, звыклы стан? Кожнае новае пакаленьне пад абсалютна новым небам. Нібыта не было вайны.
Калі параўноўваць з Бахарэвічам (а з кім жа яшчэ?!), дык Талстоў, відаць, не ўступаў, як Альгерд, у працяглае сужыцельства з рэчаіснасьцю. Аляксей займае пазіцыю больш стрыманага назіральніка.Вядзе бесстароньнія дзёньнікі Чужога. Да таго ж, усё — улёт, увобмільг, бегма. Похапкам. Учэпістым похапкам.
У рамане — звыкласьць пэрсанальнага апакаліпсісу, усё як заўсёды: у мясцовых гіт-парадах чацьвертае дзесяцігодзьдзе Ясь косіць канюшыну, а дзяўчына Яся рэжа свайго сужыцеля кухонным нажом. Чытаючы «Бег» заўважаеш —
рука Масквы счэзла, але выраслая на яе месцы рука Менску ня менш чэпкая.Праспэкты і вулкі — усе ў кірунку нашага горла. Калі ва ўлюбёным Талстовым бэроўзаўскім «Аголеным сьняданку» паміж радкоў распускаецца чорная ружа, гераін, дык
у яго ўласным «Бегу» ў вочы лезе каменная кветка, Менск. Рэальна.Канкрэтна.
2. «Навакольле не выклікала асаблівага даверу»
Бліц-інтэрвію, узятае ў Аляксея Талстова на лавачцы ля дамка першага зьезду РСДРП.
— Аляксею, адкуль такая дакладнасьць у вобразах? Цяжкае
дзяцінства-юнацтва?
— Не, сям’я ў мяне была самая звычайная: маці працавала ў Палацы мастацтваў, бацька — інжынэр. Школа сярэднеадукацыйная, праўда, інстытуту не было — двойчы не паступіў. Усе пэрсанажы і дзеі з назіраньняў. Але ладная частка, напэўна, дадуманая. У жыцьці шмат чаго ад нашага вока схавана, і мы бачым, толькі тое, што вядзе да гэтага. А разьвязкі ня бачым. Ну, я і паспрабаваў абвострыць сітуацыю — паказаць разьвязку.
— Менск ня цісьне?
— Тут вось ужо. Жыву тут усё жыцьцё. Хоць, Дзякуй Богу, ён пакуль што не мегаполіс, ня ўсё згублена.
— Чаму «Бег?»
— Па-першае,
гэта кніга аб няўпэўненасьці. У сабе, у людзях, у навакольлі. І бег — самападман, каб прыхаваць гэтую няўпэўненасьць.Колісь я займаўся добрай бітніцкай справай —швэнданьне бяз мэты па горадзе. Пайсьці туды, сустрэцца з тым, укінуць тут, потым яшчэ завітаць на нейкію кватэру. Так я колісь бавіўся. У нечым, можа быць, плённы занятак. Але тады бег па жыцьці замяняў жыцьцё.
— У рамане ёсьць сцэна бойкі хлопца са сваёй сяброўкай, звычайны ўнутрыкватэрны разбор, які пакрысе робіцца падобным да сцэны з «Матрыцы»: былыя каханкі пачынаюць гойсаць па сьценах, дэманстраваць прыёмы кунг-фу. Гэта што — блізкі подых мас-культуры?
— Ясна. Хоцькі-няхоцькі, мы жывем у ёй. Ды і мне хацелася неяк спрасьціць сытуацыю. Думкі-развагі былі раней, цяпер заманулася «нармальнага», роднага — маскультурнага. Карцела прыўнесьці ў раман трохі тэлевізійнасьці.
— Як увогуле ставісься да мас-культуры?
— Натуральна, частка жыцьця. Пачатак канца, можа быць. Ці лепей так — загулялая ў сабе культура. Я не разглядаю беларускі кантэкст асобна, хутчэй сусьветны. Усё ў сьвеце ўніфікуецца і вядзе да зьбядненьня. Перанасычанасьць. Людзі больш ня слухаюць музыку — яна ўсяго толькі яшчэ адна тэчка на кампутары. Інфармацыя нагэтулькі шмат, што яна перастала несьці нейкую каштоўнасьць.
ۗ— Калі ты пісаў свой раман, цябе гэта не бянтэжыла?
— Пытаньне канца культуры — важнае для мяне пытаньне, але адказу ня маю. Адно ведаю не пісаць не магу — ад мяне гэта не залежыць. Хаця не, ведаеш, мог бы не пісаць. Тады, пэўна, распавядаў свой «Бег» словамі. У прыватнай гутарцы — сябрам, знаёмым.
P.S. Восень. Трохмесячная лекгадумнасьць зьмяняецца дзевяцімесячнымі цяжарам пад сэрцам. Хутка вылупіцца цмок, а пакуль — самы час чытаць айчынную прозу.