Міністр замежных спраў Фінляндыі, дзейны старшыня АБСЕ Аляксандар Стуб на сустрэчы з беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі прызнаў, што парламенцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі, не адпавядаюць стандартам АБСЕ.
Пра гэта паведаміў БелаПАН лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька. Сустрэча прайшла вечарам 7 кастрычніка.
Паводле слоў А. Лябедзькі, А. Стуб прызнаў, што выбары былі не свабоднымі.
«Аднак пры гэтым ён падкрэсліў, што
палітыка супрацоўніцтва лепшая за палітыку ізаляцыі,і зазначыў, што Еўропе лепш шукаць кропкі супрацоўніцтва з Беларуссю, чым захоўваць палітыку ізаляцыі», — сказаў А. Лябедзька.
«Аляксандэр Стуб не вельмі добра ведае Беларусь. І тыя факты націску на кандыдатаў у дэпутаты, на членаў іх ініцыятыўных груп, якія мы прывялі, былі для яго вельмі карысныя. Яны выклікалі, я б сказаў, нават некаторы шок і вельмі эмацыянальную рэакцыю», — зазначыў А.Лябедзька.
Паводле слоў палітыка, на сустрэчы былі абмеркаваны пытанні адмены санкцый з боку Еўрапейскага саюза ў дачыненні да беларускага кіраўніцтва.
«Мы выказаліся супраць татальнай адмены санкцый. Але адначасова мы заявілі пра тое, што санкцыі могуць адмяняцца кропкава і толькі на канкрэтны тэрмін. Гэта крок Еўропы ў бок Беларусі, на які ўлады павінны адказаць сваімі крокамі. Напрыклад, змяніць выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку, каб наступныя прэзідэнцкія выбары прайшлі па дэмакратычных стандартах. Калі беларускія ўлады гэта «хатняе заданне» не выканаюць, можна вяртацца да санкцый», — сказаў А. Лябедзька.
Як паведаміў палітык, гэта пазіцыя знайшла разуменне ў А. Стуба.