Учора ў Маскве адбылася сустрэча кіраўнікоў урадаў Расеі ды Ўкраіны.
Бакі абмеркавалі пытаньні паставак газу. Па выніках сустрэчы быў падпісаны міждзяржаўны мэмарандум.
З чым Цімашэнка паехала да Пуціна?
Кабінэт міністраў Украіны зацьвердзіў шэраг дырэктываў, у якіх значыліся некалькі пазіцыяў, адступаць ад каторых у часе перамоваў з Уладзімерам Пуціным Юлія Цімашэнка не магла ні ў якім разе.
Найперш Расея павінная была дакладна гарантаваць балянс газу для Ўкраіны. Акрамя таго, расейскі бок мусіў забясьпечыць тэхналягічным газам украінскія кампрэсарныя станцыі з тым, каб яны маглі нармальна працаваць. Гэта будзе гарантыяй надзейнага транзыту расейскага блакітнага паліва ў Эўропу праз тэрыторыю Ўкраіны. І, нарэшце, выхад да наўпроставых дамоваў на пастаўкі газу паміж «Газпромам» і «Нафтагазам Украіны».
Аднак самым складаным пытаньнем мусіла стаць высьвятленьне цаны на газ. Праект дзяржбюджэту Ўкраіны прадугледжвае яе памер на ўзроўні $260 за тысячу кубамэтраў. Ёсьць і альтэрнатыўнае меркаваньне — зважаючы на заявы расейскага боку і моцны палітычны складнік, цана можа скласьці $270‑340, а то й да $400 за тысячу кубамэтраў.
З чым Цімашэнка вярнулася ў Кіеў?
Па выніках сустрэчы з расейскім прэм’ерам у чацьвер быў падпісаны міждзяржаўны мэмарандум, які прадугледжвае паэтапны трохгадовы пераход да рыначных цэнаў паставак расейскага газу ва Ўкраіну.
Мэмарандум дэкляруе таксама ўсталяваньне зь 1 студзеня 2009 году наўпроставых доўгатэрміновых адносінаў паміж «Газпромам» і «Нафтагазам Украіны» па пастаўках газу ва Ўкраіну ў аб’ёмах, дастатковых для забесьпячэньня балянсу газу для ўкраінскіх спажыўцоў. Украіна ўзяла на сябе абавязак забясьпечыць бесперапынны транзыт газу праз сваю тэрыторыю.
СП, паводле korrespondent.net, Дело