posterМарадона вачыма Кустурыцы (Maradona by Kusturica)
Гішпанія – Францыя, 2008, каляровы, 90 хв.
Рэжысэр: Эмір Кустурыца
Жанр: Дакумэнтальны фільм-партрэт
Адзнака: 8 (з 10)

Балканскі рэжысэр Эмір Кустурыца зрабіў кінапартрэт слыннага аргентынскага футбаліста Дыега Марадоны. Кустурыца здаўна зьяўляецца ягоным фанатам…

Але дакумэнтальная стужка Марадоны-Кустурыцы – гэта ня проста партрэт. Гэта нястрыманы карнавал, які так любіць Кустурыца ў сваіх фільмах. А Дыега Марадона – бог футбольнага карнавалу.

Карнавал – ёсьць гратэск, парушэньне межаў, кульбіты, калі верх і ніз мяняюцца месцамі, а сьлёзы вянчаюцца з рогатам. Зь лёгкай рукі філёзафа Міхаіла Бахціна карнавал ухваляўся, як прастора свабоды, што разбурае сур’ёзны афіцыёз.

Карнавал Марадоны – гэта геніяльна-шулерскія галы, трыюмф пакрыўджаных (Трэцяга сьвету) над крыўднікамі (злосная каралеўская Англія і Амэрыка), выбуховае лявацтва, антыбушаўскія саколкі, сяброўства зь Фідэлем Кастра і Уга Чавэсам.

Кустурыца дадае свае вынаходкі – танга, вынайдзенае ў бардэлі і матч Марадоны, сьпевы футбольнае зоркі пра какаін – і ўрыўкі зь фільмаў балканскага мэтра, якія быццам наўмысна здымаліся, каб праілюстраваць жыцьцё Марадоны. “Арыстакратызм беднасьці” – абвяшчае Кустурыца.

У фільме – дэманстрацыі супраць Амэрыкі, кактэйль Молатава – і Дыега Марадона-мульцяшка, ад якога дастаецца Маргарэт Тэтчэр, Рэйгану, Блэру й Бушу.

Кустурыца п’яны ад лявацкага карнавалу, і не ўзгадвае герояў свайго “Падпольля”, якія пераўтварылі лявацка-партызанскае жыцьцё ў пекла з чырвоным карнавалам растрэлаў.

Карнавал не заўжды – свабода. Почасту – гэта бунт і выклік нябёсам. Дыега Марадона ў фільме ня проста чалавек – ён бог, фальшывы стод і зорка для бедных. Фанаты стварылі царкву Марадоны, моляцца яму й клянуцца ягоным імём. Маладыя жэняцца пад алтаром Марадоны, нявеста ў карункавым вэлюме ганяе мяч.

Карнавал зьмешвае блюзьнерства і сьвятасьць.

Геданіст Кустурыца даблізіўся да блюзьнерства, каб разам зь сябрам Дыегам прасьпяваць пра сьвятасьць жыцьця.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?