Афіцэр Міхал Зянкевіч з прэс-групы ваяводскай камендатуры паліцыі ў Гданьску пракаментаваў Свабодзе затрыманне грамадзяніна Беларусі Сцяпана Свідзерскага ў Гдыні. Здарэнне адбылося ў аўторак увечары ў офісным будынку агенцтва Thomson Reuters у Гдыні на паўночным захадзе Польшчы.

«Учора каля 19.00 паліцыя атрымала інфармацыю, што ў адным з будынкаў на тэрыторыі Гдыні адбылася страляніна. Паліцыя выехала на месца здарэньня і затрымала там 30-гадовага грамадзяніна Беларусі», — кажа Міхал Зянкевіч.

Паводле прадстаўніка гданьскай паліцыі, ніводная асоба ў сувязі з гэтым здарэньнем не пацярпела і не была параненая. Сёньня гэтая справа будзе перададзеная ў Акружную пракуратуру ў Гданьску.

Паводле адной з вэрсіяў, затрыманы нібыта хацеў паказаць сваю зброю калегу, але гэта выклікала паніку і падчас мітусьні адбыліся выпадковыя стрэлы.

«Усе вэрсіі — пакуль спэкуляцыя»

Міхал Зянкевіч пракамэнтаваў гэтую інфармацыю наступным чынам:

«Мы правяраем усю інфармацыю, у тым ліку і гэтую вэрсію. Калі б мы ў дадзены момант пацьвердзілі адну са шматлікі вэрсіяў, то гэта была б спэкуляцыя. Мы хочам усё дакладна высьветліць і тады мы зможам казаць пра дэталі».

Назваць імя або ініцыялы затрыманага прадстаўнік паліцыі адмовіўся. Польскія законы забараняюць называць нават ініцыялы затрыманага, пакуль ня будуць праведзеныя сьледчыя дзеяньні. Паводле зьвестак Свабоды, затрыманы — Сьцяпан Сьвідзерскі, гэта пацьвярджае ягоная маці.

Грамадзянін Беларусі ў дадзены момант затрыманы на 48 гадзінаў. Паводле закону, гэты тэрмін можа быць прадоўжаны на чарговыя 24 гадзіны. Рашэньне пра далейшую меру стрыманьня будзе прымаць пракурор.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0