6 грамадзянаў Чэхіі былі затрыманыя ў мінулую пятніцу паліцыяй Астаны ў той момант, калі яны ў купальніках Бората на марозе спрабавалі сфатаграфавацца каля надпісу «I love Astana», паведамляе informburo.kz
У той жа дзень чэшскія турысты былі асуджаныя па адміністрацыйным артыкуле за дробнае хуліганства і прысуджаныя да штрафаў, пасля чаго адпушчаныя.
Грамадзяне Чэхіі каля надпісу «I love Astana» Фота: informburo.kz
Фільм Бэрана Коэна «Борат» выйшаў у пракат у 2006 годзе. Паводле сюжэту казахскі журналіст Борат Сагдзіеў едзе ў Каліфорнію, каб ажаніцца з зоркаю Playboy Памэлай Андэрсан.
Фільм афіцыйна не забаронены ў Казахстане, аднак у пачатку 2016 года афіцыйны прадстаўнік МЗС Казахстана Ержан Ашыкбаеў публічна выказаў надзею, «што кампаніі-пракатчыкі праявяць адказнасць і не будуць паказваць гэты фільм».
Пазней ўлады прызналі, што фільм «Борат» забяспечыў Казахстану нядрэнную рэкламу. Паток турыстаў у краіну значна вырас.
***