Першая ў гісторыі машына для прыборкі пылу была створаная ў канцы XIX стагоддзя. Для працы з ёй былі патрэбныя два дужыя мужчыны: адзін дзьмуў паветра з дапамогай мяхоў, а другі перацягваў з месца на месца доўгі і цяжкі шланг.

Гэтую ідэю значна ўдасканаліў інжынер Хьюберт Сесіл Бут у 1901 годзе. Ягоны пыласос працаваў ужо на бензіне, а магутнасць вакуумнай помпы складала ажно 5 конскіх сілаў. Сама машына стаяла на вуліцы, а шланг праз вокны падаваўся ў розныя памяшканні.

Пыласос стаў даволі папулярным і хутка разышоўся па ўсім свеце. Але ўсё ўскладнялася тым, што ў тыя часы асноўным транспартным сродкам усё яшчэ былі коні. Працэс жа працы пыласоса суправаджаўся такім моцным шумам, што ў некаторых гарадах ён быў нават забаронены, бо ўсе коні навокал пужаліся і разбягаліся.

Укараненне ў канструкцыю пыласоса электрарухавіка сталася рэвалюцыйнай падзеяй у гісторыі развіцця пыласосаў, якая вырашыла праблему выкарыстання гэтага прыбору ў хатніх умовах: пыласос стаў цішэйшым, значна зменшыўся ў памерах і ўжо не смярдзеў выхлапнымі газамі ад згарання бензіну. Усё гэта дазваляла з лёгкасцю захоўваць яго наўпрост унутры дома.

У 1908 годзе амерыканская кампанія W. H. Hoover Company выпусціла кампактную мадэль пыласоса, якая важыла 20 кг (для параўнання: пыласосы найбліжэйшых канкурэнтаў важылі 50 кг). Яна мела электрычны працоўны блок з прымацаванай да яго драўлянай ручкай, як у звычайнае швабры. Пад ручкай вісеў вялікі мех-пылазборнік.

У 1912 годзе заснавальнік Electrolux швед Аксель Венер-Грэн прапанаваў замяніць у пыласосах паветраную помпу на звычайны вентылятар, дзякуючы чаму масу пыласоса адразу ўдалося паменшыць да 14 кг. Аднак сусветную славу кампаніі прынесла Model V, якая з'явілася ў 1921 годзе.

Да канца Другой сусветнай вайны пыласосы заставаліся адным з атрыбутаў заможных дамоў. І толькі вельмі хуткая індустрыялізацыя, якая разгарнулася ва ўсім свеце пасля вайны, зрабіла гэты прыбор даступным кожнаму.

Практычна да канца XX стагоддзя ўсе кампаніі, якія выраблялі бытавую тэхніку, капіявалі пыласос-цыліндр Electrolux: працоўны блок-цыліндр, шланг, набор зменных шчотак. Толькі тэхналогіі канца XX стагоддзя дазволілі стварыць новыя варыяцыі пыласосаў: мыйныя, убудаваныя (цэнтралізаваныя), пыласосы з шматступеннай сістэмай фільтравання.

У СССР найбольшую папулярнасць набылі пыласосы «Уралец». Яны былі амаль у кожным доме савецкіх грамадзян. Класікай стаў і працэс бялення сцен з дапамогай гэтых пыласосаў: шланг устаўляўся ў тую адтуліну, з якое выходзіла паветра, а замест шчоткі прымацоўвалася спецыяльная насадка з ёмістасцю для фарбы і пульверызатарам. Дзякуючы такой канструкцыі фарбаванне сцен і столяў не займала шмат часу.

У 2000-х пачалася новая эра ў развіцці тэхнікі для ўборкі падлогі — робаты-пыласосы. У пярэдняй частцы робата звычайна знаходзіцца «бампер» — вялікі кантактны сэнсар, з дапамогай якога робат вызначае сутыкненне з перашкодамі, пасля чаго мяняе накірунак і працягвае «смактаць пыл» далей, да новага сутыкнення. Сучасныя мадэлі, якія працуюць на аснове штучнага інтэлекту, добра аналізуюць месцы, дзе яны ўжо прыбраліся, а дзе — не, таму, у адрозненне ад ручных пыласосаў, не прапускаюць аніводнага міліметра падлогі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?