У Беларусі будзе сфарміравана адзіная база зваротаў грамадзян. Пра гэта паведаміла кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, якая сёння праводзіла прыём грамадзян у адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска, перадае карэспандэнт БелТА.

«Работа са зваротамі грамадзян вельмі важная для ўсіх органаў улады. Яна патрабуе ўдасканалення — заканадаўства аб зваротах грамадзян мае патрэбу ў некаторай дапрацоўцы, — лічыць Наталля Качанава. — Час не стаіць на месцы: з развіццём электронных тэхналогій людзі актыўна карыстаюцца інтэрнэтам, адпраўляюць электронныя звароты, задаюць пытанні, якія цікавяць іх, на сайты дзяржорганаў».

Заява Качанавай — рэакцыя на крытыку Аляксандр Лукашэнкі, які на нарадзе 24 кастрычніка адзначыў, што ёсць шэраг праблемных момантаў у пытанні работы са зваротамі грамадзян.

«Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову аб стварэнні адзінай базы зваротаў грамадзян. Гэта дасць магчымасць бачыць «гісторыю» кожнага звароту, які паступіў у вышэйшую інстанцыю, у тым ліку дзе і кім ён ужо разглядаўся (зварот не будзе накіраваны тым, хто па ім ужо даваў адказ), — патлумачыла Качанава. — Адзіная база дадзеных будзе сфарміравана і ў мясцовых, і ў рэспубліканскіх органах улады».

Гэта дазволіць валодаць поўнай інфармацыяй па кожным звароце. «Акрамя таго, пастаўлена задача — і мы будзем яе рэалізоўваць з прыцягненнем Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра, прэс-цэнтра — адсочваць сітуацыю па сур'ёзных праблемах, якія хвалююць грамадства і якія ўплываюць на настрой людзей. Гаворка ідзе пра публікацыі ў газетах, у тэлесюжэтах і інтэрнэце — інфармацыю будуць штодня абагульняць і перадаваць у Адміністрацыю прэзідэнта для прыняцця аператыўных рашэнняў», — сказала Наталля Качанава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0