Дэпутаты Еўрапейскага парламента ўхвалілі сёння на пленарнай сесіі ў Страсбургу два даклады, якія прадугледжваюць стварэнне ў ЕС новай сістэмы кантролю за перасячэннем межаў.

Гаворка ідзе аб сістэме EEC (Entry/Exit System), прызначанай для кантролю за ўездам на кароткія тэрміны (90 і 180 дзён) у Шэнгенскую зону і выездам з яе асоб з трэціх краін.

«Неабходна эфектыўным чынам гарантаваць кантроль на знешніх межах ЕС. Кансалідаваць Шэнгенскую зону і ўніфікаваць яе — гэта прыярытэтная мэта Еўракамісіі», — заявіў еўракамісар па міграцыі, унутраных справах і грамадзянстве Дзімітрыс Аўрамопулас.

Новая сістэма кантролю, як мяркуецца, будзе аўтаматызаванай. З яе дапамогай памежныя службы будуць правяраць інфармацыю ў біяметрычных пашпартах асоб, якія прыбываюць з краін, дзе не патрэбная віза для ўезду ў ЕС, так і з тых дзяржаў, у якіх атрыманне візы неабходнае. Згодна з прадстаўленай справаздачай, у мікрасхему пашпарта будуць унесеныя ў лічбавым выглядзе фатаграфія ўладальніка і выявы адбіткаў яго пальцаў.

Аўтаматычная сістэма зможа параўноваць знятую ёю выяву таго, хто ўязджае ў краіну. з яго электронным фотаздымкам у пашпарце. Гэта дазволіць, як лічаць аўтары дакладу, забяспечыць кантроль над нелегальнымі мігрантамі. Пры ўездзе ў Шэнгенскую зону сістэма сама вылічыць час знаходжання чалавека ў ёй і вызначыць, ці не перавысіў ён адведзены яму па візе тэрмін. Сістэма таксама дазволіць павысіць эфектыўнасць барацьбы супраць тэрарызму, выяўляючы падазроных асоб. Акрамя таго, праверкі дазволяць лягчэй выяўляць асоб, якія ўчынілі крымінальныя злачынствы.

Адзначаецца, што сістэма будзе цэнтралізаванай, злучанай з адзінай сістэмай візавых даных ЕС і электроннымі банкамі даных паліцэйскай арганізацыі Еўрапал.

Прадугледжана, што ў выпадку адмовы кандыдату на ўезд у Шэнгенскую зону ў ягоным пашпарце будзе прастаўленая спецыяльная адзнака — косы крыж, які перакрэслівае нязмыўнай фарбай пячатку візы. Акрамя таго, на старонку пашпарта будзе ўнесены адмысловы літарны код, які пазначае прычыны адмовы ва ўездзе. Пры гэтым аўтары дакладаў абяцаюць прыняць меры для таго, каб даныя ў сістэме і дзеянні памежных службаў не парушалі правоў грамадзян на асабістае жыццё.

Частка даных адносна асоб, якія ўязджаюць і выязджаюць, будзе знаходзіцца ў вольным доступе, але пад кантролем шэрагу агульнаеўрапейскіх інстанцый, якія будуць сачыць за выкананнем правоў чалавека. Даныя па грамадзянах, якія не парушаюць правілы, будуць захоўвацца ў сістэмах на працягу 3 гадоў, па парушальніках — 5 гадоў.

Як паведаміў еўракамісар Дзімітрыс Аўрамапулас, у выпадку ўхвалення органамі ЕС, у прыватнасці, Еўрапейскай камісіяй, сістэма ўступіць у сілу ўжо ў 2020 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0