Маскоўскае ўпраўленне Федэральнай антыманапольнай службы (УФАС) распачало справу ў дачыненні да ЗАТ «БелазСпецСэрвіс» (Масква) за выкарыстанне таварнага знака БЕЛАЗ. Такая інфармацыя размешчаная на сайце ААТ «БелАЗ».

Справа распачатая па прыкметах парушэння антыманапольнага заканадаўства. «Кампанія зарэгістравала і выкарыстоўвае ў якасці фрагмента свёй фірменнай назвы пазначэнне «Белаз», якое з'яўляецца такім самым з таварнымі знакамі БЕЛАЗ, BELAZ і належыць ААТ «БелАЗ» (Беларусь)», — адзначае УФАС.

Такім чынам, ЗАТ «БелазСпецСэрвіс» атрымлівае неабгрунтаваную перавагу перад канкурэнтамі, карыстаючыся шырокай вядомасцю прадукцыі ААТ «БелАЗ». У дзеяннях ЗАТ антыманапольны орган угледжвае прыкметы нядобрасумленнай канкурэнцыі, якія выявіліся ў набыцці і выкарыстанні таварыствам выключнага права на сродкі індывідуалізацыі юрыдычнай асобы.

Разгляд справы адбудзецца 17 кастрычніка 2017 года.

Паводле даных УФАС, ЗАТ «БелазСпецСэрвіс» ажыццяўляе пастаўку запасных частак і абсталявання для чыгуначных вагонаў, продаж запасных частак для аўтамабіляў (МАЗ, КамАЗ, БелАЗ, іншых грузавых аўтамабіляў). Да 2015 года кампанія рэалізоўвала прадукцыю Беларускага аўтамабільнага завода (у цяперашні час ААТ «БелАЗ»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0