Новым кіраўніком спарткомплекса «Раўбічы» стаў Андрэй Фомачкін, паведамілі sport.tut.by ў Міністэрстве спорту і турызму.
Да гэтага Фомачкін узначальваў аддзел зімовых відаў спорту ва ўпраўленні нацыянальных каманд Міністэрства спорту і турызму.
Перад гэтым дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі (РЦАП) па зімовых відах спорту «Раўбічы» доўгі час з'яўляўся форвард хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі Андрэй Асташэвіч, які ў канцы мая быў абраны першым віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
Новы дырэктар спарткомплексу «Раўбічы» Андрэй Фомачкін праславіўся на ўвесь свет пасля таго, як прайшоў з расійскім сцягам на парадзе адкрыцця Паралімпіяды-2016 у Рыа.
Свой учынак Фомачкін патлумачыў тады жэстам салідарнасці з расійскімі паралімпійцамі, якіх не дапусцілі да Гульняў пасля дакладу канадскага прафесара Макларэна, які заявіў, што ў Расіі існуе дзяржаўная допінгавая праграма.