22-гадовы Абуякуб хаваецца.

22-гадовы Абуякуб хаваецца.

Кіроўца фургона, пад коламі якога ў чацвер у Барселоне загінулі 13 чалавек, верагодна, жывы і хаваецца, заявіла іспанская паліцыя.

Паліцыя шукае Юнеса Абуякуба, які нарадзіўся ў Марока і якога іспанскія СМІ назвалі верагодным кіроўцам фургона.

Мужчына, якога раней лічылі галоўным падазраваным, 17-гадовы Муса Укабір, быў адным з пяці мужчын, застрэленых паліцыяй падчас нападу ў горадзе Камбрылс, на захад ад Барселоны.

22-гадовы Абуякуб жыў у горадзе Рыпаль на поўнач ад Барселоны. У Рыпалі арыштаваныя тры чалавекі і яшчэ адзін - у Альканары.

Раней галоўным падазраваным лічылі Укабіра, але позна ў пятніцу начальнік паліцыі Барселоны сказаў па мясцовым тэлебачанні, што тэорыя пра тое, што ён быў за рулём фургона, «мае цяпер менш вагі».

Газета El Pais заявіла, што ўсё больш прыкмет таго, што галоўным падазраваным у здзяйсненні нападу з'яўляецца Абуякуб.

Укабіра ж падазраюць у тым, што ён скарыстаўся дакументамі свайго брата, каб арандаваць фургон, які збіў людзей у Барселоне, і яшчэ адзін фургон, знойдзены пазней у мястэчку Вік на поўнач ад Барселоны, які прызначаўся для ўцёкаў зламыснікаў.

У ноч на пятніцу паліцыя застрэліла пецярых зламыснікаў, у тым ліку і Укабіра, у горадзе Камбрылс пасля таго, як яны наехалі сваім аўтамабілем на групу пешаходаў, забіўшы адну жанчыну і параніўшы яшчэ шэсць чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?