20—21 ліпеня адбудзецца візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў.
Адным з вынікаў ранейшай такой сустрэчы — яшчэ ў снежні 2014-га — стала дамоўленасць пра ўключэнне ўкраінскага ТБ-канала ў беларускую сетку вяшчання, і наадварот.
Пра згоду па тэхнічных пытаннях з Ліліяй Ананіч заяўляў і міністр інфармацыі Украіны.
Праз два з паловай года сітуацыя такая. Ва Украіне беларускі канал «Беларусь-24» даступны, а вось у Беларусі ўкраінскі канал не з'явіўся.
У базавых кабельных пакетах па-ранейшаму можна знайсці толькі дзясяткі расійскіх каналаў, але ніводнага польскага ці амерыканскага. І ўкраінскага таксама ніводнага.
Ці можна чакаць, што ўкраінскі канал усё ж з'явіцца ў кабельных аператараў?
На вусны запыт «Нашай Нівы» адказны за супрацу з Украінай чыноўнік Мінінфарма не адказаў, дадаўшы, што можа гэта зрабіць «толькі з дазволу міністра». І папрасіў журналістаў саміх звярнуцца па такі дазвол для яго.